Як паведаміла Армянская служба Радыё Свабода, гэтак ён пракамэнтаваў патрабаваньне Расеі правесьці рэфэрэндум наконт таго, ці ўступаць Армэніі ў Эўразьвяз, ці заставацца ў Эўразійскім эканамічным саюзе.
Паводле Пашыньяна, такі рэфэрэндум можна будзе правесьці тады, калі Армэнія падасьць у ЭЗ афіцыйную заяўку, атрымае адказ і ўзгодніць магчымы графік працэсу патэнцыйнага ўступленьня.
Расея, Беларусь, Казахстан і Кіргізстан у траўні ў супольнай заяве заклікалі Армэнію правесьці рэфэрэндум як мага хутчэй. Яны таксама заявілі, што спыніць сяброўства Армэніі могуць ужо ў сьнежні на саміце ЭАЭС.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ня супраць сяброўства Армэніі ў ЭЗ, але тады яна ня зможа быць сябрам ЭАЭС.
Пры гэтым іншыя расейскія прадстаўнікі рэзка крытыкавалі Пашыньяна і нават казалі, што імкненьне Армэніі ўступіць у ЭЗ прывядзе да паўтарэньня шляху Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Армянскі тэст для імпэрыі: чаму Лукашэнку так непакоіць ЕрэванПашыньян таксама заявіў, што быў бы рады, калі б Армэнію выключылі з вайсковага саюзу АДКБ. Раней Армэнія замарозіла свой удзел у ім.
Таксама Пашыньян заклікаў Расею перадаць чыгуначную інфраструктуру на тэрыторыі Армэніі пад кіраваньне трэцяга боку. Тое, што ёй кіруе Расея, паводле Пашыньяна, перашкаджае інтэграцыі Армэніі ў міжнародную чыгуначную сетку.
Расея цягам апошніх месяцаў пасьлядоўна забараняла імпарт прадукцыі з Армэніі, у тым ліку кветак, мінэральнай вады, гародніны і садавіны. Абмежаваньні, пра якія абвяшчала Масква, уводзілі перад парлямэнцкімі выбарамі 7 чэрвеня, а таксама на фоне спробаў Армэніі зблізіцца з Эўразьвязам. Паводле вынікаў выбараў Нікол Пашыньян захаваў пасаду прэм’ер-міністра. Празь некалькі дзён пасьля выбараў Расея забараніла ўвоз з Армэніі ўсёй падкарантыннай прадукцыі.
У ліпені ў Эўракамісіі абвясьцілі, што ў межах захадаў падтрымкі Армэніі Эўрапейскі зьвяз мае намер скасаваць мыта на 80% імпарту з гэтай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урокі Армэніі для Беларусі: як крызіс стаў шанцам для краіныШто папярэднічала
28 траўня Нікол Пашыньян другі раз запар не прыехаў на саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, які праходзіў у Казахстане. На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі па выхадзе з ЭАЭС.
«Але рэч у тым, што такой праблемы пакуль няма. Кіраўніцтва Армэніі не заяўляла пра намер выйсьці з Эўразійскага саюзу. Ерэван афіцыйна падкрэсьлівае, што застаецца паўнапраўным сябрам ЭАЭС. Расея штучна нагнятае абстаноўку, а Лукашэнка ўсяляк падыгрывае Маскве, пужаючы армян нэгатыўнымі наступствамі дыстанцыяваньня ад Расеі», — адзначыў палітоляг Валер Карбалевіч.
Пра тое, што Армэнія будзе сябрам ЭАЭС і адначасова працягваць рэформы паводле эўрапейскіх стандартаў, Нікол Пашыньян сказаў і 27 траўня:
«Як толькі надыдзе час рабіць выбар, народ Армэніі зробіць гэты выбар. Мая вялікая заслуга ў тым, што народ мае альтэрнатыву, каб ніхто ня змог гаварыць: „Каму патрэбная Армэнія, куды яна дзенецца“».
Падобную фразу сказаў Аляксанадр Лукашэнка ў інтэрвію каналу «Россия» яшчэ ў жніўні 2024 году:
«Ну, каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Няхай разьвіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што яны маюць. Якая Францыя, які Макрон? Заўтра ня будзе Макрона, і ўсе забудуцца на гэтую Армэнію», — сказаў тады Лукашэнка.
Нікол Пашыньян 27 траўня таксама заявіў, што Армэнія ня будзе залежаць ад аднаго газаправоду, маючы на ўвазе, відавочна, расейскі:
«Мы ня будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго хаўрусьніка, на адзін трубаправод. У нас ёсьць чыгунка з Захаду на Ўсход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да таго адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азэрбайджану. Неўзабаве адкрыецца TRIPP (транзытны калідор праз Паўднёвы Каўказ, падтрыманы Злучанымі Штатамі. — РС), праз нашу тэрыторыю пройдзе газаправод. Мы за кошт гэтага транзыту будзем мець уласны газ. Мы будзем разьвіваць альтэрнатыўную энэргетыку», — сказаў Пашыньян.
29 траўня Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў і на гэтыя словы:
«Вось хацелася б ведаць, навошта ён хлусіць сваім людзям. Якія трубы, адкуль гэтыя трубы будуць ісьці і хто гэты газ ім дасьць, і якія грошы будуць?» — сказаў Лукашэнка і падкрэсьліў, што Расея прадае Армэніі газ значна таньней, чым ён каштуе ў Эўразьвязе.
Ён таксама ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам зь небясьпекай новай вайны.
«Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне... Ва Ўкраіне ўсё акурат гэтак пачыналася. Вы гэта памятаеце. Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, ня трапілі ў цяжкую сытуацыю ў сувязі з гэтым. Ня трэба сьпяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі. Перш чым рабіць такі крок, армянскаму народу вельмі сур’ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваё меркаваньне — мы зь ім пагодзімся», — заявіў Лукашэнка, далучыўшыся да заклікаў Пуціна правесьці ў Армэніі рэфэрэндум.