Пакуль кіраўнік хунты М’янмы быў у Менску, яго армія нанесла авіяўдар па манастыры, загінулі 14 мірных грамадзян

У Тайляндзе адбыліся пратэсты супраць візыту Міна Аўнга Глайнга. Актывісты тапталіся па карыкатурах на яго, 6 жніўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Мірныя жыхары сабраліся на мэдытацыю ў гонар будыйскага Вялікага посту ў манастыры, што знаходзіцца на тэрыторыі, падкантрольнай прадэмакратычным паўстанцам.

Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на прадэмакратычнага прадстаўніка, у выніку авіяўдару, нанесеным арміяй цяперашняга рэжыму, загінулі 14 мірных грамадзян, у тым ліку тры жанчыны.

За апошнія пяць гадоў, паводле ацэнак, больш за 100 тысяч чалавек былі забітыя па абодва бакі грамадзянскай вайны, што доўжыцца ў М’янме з 2021 году.

«Забітыя былі ва ўзросьце ад 50 да 70 гадоў. [... ] Гэта не была памылковая мэта, яны наўмысна атакавалі манастыр», — працытавала агенцтва свайго суразмоўцу.

Вайскоўцы М’янмы не камэнтавалі гэты ўдар.

Вайскоўцы рэжыму М’янмы, сьцьвярджаюць аналітыкі, часта выкарыстоўваюць самалёты, пастаўленыя Кітаем і Расеяй, каб стрымліваць паўстанцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка расказаў кіраўніку хунты М’янмы, як кіраваць народам, і паабяцаў яму дапамогу

Сьледчыя ААН з Незалежнага сьледчага мэханізму па Мʼянме (IIMM) на мінулым тыдні апублікавалі справаздачу, у якой абвінавацілі вайскоўцаў у «нявыбарчых і наўмысных паветраных нападах на мірных жыхароў».

Грамадзкія будынкі, часьцей за ўсё манастыры і школы, часта зьяўляюцца месцамі паведамленьняў аб авіяўдарах.

Урад Мʼянмы назваў публікацыю IIMM «аднабаковымі абвінавачваньнямі супраць сіл бясьпекі Мʼянмы, заснаванымі на неправеранай і недакладнай інфармацыі».

Група па маніторынгу канфліктаў ACLED заявіла ў мінулым месяцы ў сваёй справаздачы, што «цяперашняя тэрарыстычная стратэгія вайскоўцаў уключае ў сябе акцэнт на грамадзянскай інфраструктуры і сацыяльных мерапрыемствах, такіх як вясельлі і рэлігійныя сьвяты, каб максымізаваць псыхалягічны эфэкт».

Што папярэднічала

Празь пяць гадоў кіраваньня вайсковай хунты пасьля перавароту ў 2021 годзе ў М’янме арганізавалі выбары прэзыдэнта і прадставілі іх як вяртаньне да стабільнай сытуацыі.

За месяц да выбараў вайсковая хунта інтэнсыфікавала свае авіяўдары па мірных жыхарах на непадкантрольнай ёй тэрыторыі, адзначаецца ў справаздачы сьледчых ААН.

У выніку лідэр вайсковага перавароту Мін Аўнг Глайнг заняў пасаду прэзыдэнта, а сваю ранейшую пасаду кіраўніка ўзброеных сіл перадаў свайму ключавому памочніку.

Цяпер Мін Аўнг Глайнг намагаецца атрымаць прызнаньне за мяжой. Індыя, Кітай, Лаос і Тайлянд павіншавалі яго з перамогай на выбарах, нягледзячы на крытыку мясцовых актывістаў.

На гэтым тыдні Мін Аўнг Глайнг наведаў Расею і Беларусь, якія, як адзначыла агенцтва AFP, сталі «вернымі хаўрусьнікамі М’янмы пасьля перавароту».

У апошнія месяцы Ўзброеныя сілы Мʼянмы дасягнулі посьпехаў на полі бою — ім удалося разграміць некаторыя з найбольш магутных узброеных груповак, выкарыстаўшы ініцыянаванае Кітаем перамір’е.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Беларусь шукае партнэраў сярод краін-ізгояў. Аналіз Валера Карбалевіча. ВІДЭАЯк талібы і хунта выкарыстоўваюць Лукашэнку Лукашэнка павячэраў з прэзыдэнтам М’янмы «ў хатняй абстаноўцы»Кіраўнік хунты М’янмы перад сустрэчай з Лукашэнкам пагаварыў пра эканоміку з ТурчынымДракахруст: Лукашэнка ідзе па сьлядах Расеі, зьбліжаючыся з КНДР і Талібанам