«Сымбаль надзеі і годнасьці». Аляксандра Мілінкевіча пасьмяротна адзначылі дзяржаўнай узнагародай Польшчы

Перад пачаткам цырымоніі разьвітаньня з Аляксандрам Мілінкевічам у Варшаве, 22 жніўня 2026 году

Аляксандар Мілінкевіч нарадзіўся і большую частку жыцьця пражыў у Горадні. Разьвітваюцца зь ім у Варшаве — як і з многімі беларусамі, якія апошнія гады жыцьця правялі далёка ад радзімы.

Труну зь целам беларускага палітыка Аляксандра Мілінкевіча выставілі ў Варшаўскім архікатэдральным саборы для разьвітаньня. Каля труны стаіць вянок ад прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага, а таксама ад амбасадаў Нідэрляндаў і Літвы.

А 12-й па мясцовым часе (13:00 па Менску і Вільні) тут пачнецца пахавальная імша. а 15-й (16:00) Аляксандра Мілінкевіча пахаваюць на Вайсковых могілках «Павонзкі» ў Варшаве.

Разьвітаньне праходзіць у Варшаўскім архікатэдральным саборы

Разьвітацца зь ім ідуць сваякі, сябры, беларускія актывісты, грамадзкія дзеячы і літаратары. Усе яны нясуць кветкі.

Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца з Аляксандрам Мілінкевічам — беларуская паэтка Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, колішні палітвязень Віктар Бабарыка. Сярод прысутных таксама вядомы беларускі праваабаронца, юрыст цэнтру «Вясна», колішні палітвязень Уладзімер Лабковіч, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка.

«Дагэтуль ня верыцца, што Аляксандра няма з намі. Да апошняга мы верылі, што ён адужае хваробу і чакалі цуду. Зь нябёсаў ён бачыць, колькі тут людзей, яго паплечнікаў і вучняў. Кожны раз, калі мы зь ім размаўлялі, у яго было першае пытаньне, як дапамагчы, і ён дапамагаў, чым мог. Ён быў чалавекам, на якога хацелася раўняцца. У ім беларусы бачылі будучую эўрапейскую Беларусь. Безь яго ня быў бы магчымы ўздым 2020 году. Асабістае і нацыянальнае ў ім былі непадзельныя», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

На ўваходзе ў сабор у адмысловай кнізе ўсе ахвочыя могуць выказаць свае спачуваньні і згадаць, якім быў для іх Аляксандар Мілінкевіч.

Палітык, грамадзкі дзеяч і літаратар


Разьвітацца з Аляксандрам Мілінкевічам прыйшоў яшчэ адзін былы палітвязень, публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута.

«Гэта сымбаль эўрапейскага выбару, гэта сымбаль надзеі на дэмакратыю, на лепшую будучыню. Але яшчэ гэта першы чалавек, у якога, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце, паверыла беларуская моладзь. І плошча 2006 году — гэта таксама быў эўрапейскі выбар», — сказаў Аляксандар Фядута.

«Гэта сымбаль надзеі і годнасьці», — сказаў журналіст Аляксандар Івулін. Ён выказаў захапленьне тым, як Аляксандар Мілінкевіч, знаходзячыся ў эміграцыі, шмат рабіў для Беларусі. «Гэта вельмі натхняе. Мы не былі зь ім сябрамі і не былі асабіста знаёмыя, але нават для мяне гэта вельмі адчувальная страта», — сказаў ён.

Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай адзначыла выбітную ролю Аляксандра Мілінкевіча ня толькі ў палітыцы і грамадзкім жыцьця, а і як літаратара. «Ён — аўтар кніг. І гэта для нас робіць яго выключным чалавекам слова», — сказала яна.

«Беларусы павінны памятаць Мілінкевіча, таму што вельмі рэдка здараюцца людзі, якія маюць прэзыдэнцкія амбіцыі, якія маюць амбіцыі штосьці зьмяніць для Беларусі, зьмяніць Беларусь у лепшы бок, і пры гэтым за іх ня сорамна. Гэта якраз той выпадак, калі інтэлігентны, спакойны, ураўнаважаны чалавек, за выказваньні і выступы якога ня сорамна, калі глядзіш на яго збоку. І ня хочацца ад гэтага адмяжоўвацца, а хочацца з гэтым атаясамлівацца», — падкрэсьліла Тацяна Нядбай.

Іна Кулей, жонка Аляксандра Мілінкевіча

Польшча пасьмяротна адзначыла Мілінкевіча дзяржаўнай узнагародай

Перад пачаткам імшы прадстаўнік канцылярыі Польшчы зачытаў ліст прэзыдэнта Караля Наўроцкага. Ён пазытыўна ацаніў дзейнасьць Аляксандра Мілінкевіча як лідэра апазыцыі Беларусі і на карысьць польска-беларускіх дачыненьняў, у тым ліку яго падтрымку Саюза палякаў у Беларусі.

У прыватнасьці, Караль Наўроцкі згадаў удзел Мілінкевіча ў выбарчай кампаніі 2006 году ў якасьці адзінага кандыдата, а таксама ў пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Апроч таго, Мілінкевіч удзельнічаў у пошуках у Беларусі парэшткаў апошняга караля Польшчы Станіслава Панятоўскага. Яны пахаваныя ў крыпце Варшаўскай катэдры, у якой цяпер адпяваюць Мілінкевіча.

Прэзыдэнт Польшчы пасьмяротна ўзнагародзіў беларускага палітыка Афіцэрскім крыжам за заслугі Рэспублікі Польшча. Гэта высокая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, якую ўручаюць іншаземцам і палякам, якія жывуць за мяжой, за асаблівы ўнёсак у разьвіцьцё міжнароднай супрацы і сувязяў з Польшчай. Гэтая ўзнагарода заснаваная ў 1974 годзе і ўваходзіць у сыстэму афіцыйных прэзыдэнцкіх узнагарод.

Дарадца Наўроцкага перадаў крыж Іне Кулей, жонцы Аляксандра Мілінкевіча.

Сьвятую імшу правёў ксёндз зь Беларусі

Сьвятую імшу правёў ксёндз Вячаслаў Барок, які сам вымушана зьехаў зь Беларусі. У прамове ён сказаў, што Аляксандар Мілінкевіч вельмі любіў Беларусь, цяжка перажываў расстаньне з радзімай і насіў Беларусь у сэрцы.

«Дарагі Аляксандр, ты адыходзіш ад нас у момант, калі краіна змагаецца з цемрай. Ты ня ўбачыш вольнае Беларусі, за якую ты змагаўся. Але зерні, якія ты пакінуў, будуць прыкладам для беларусаў. Свабода даецца толькі тым, хто гатовы за яе жыцьцё сваё аддаць. Няхай бог прыме яго ахвяру. Няхай адпачывае ў спакоі вечным», — адзначыў Вячаслаў Барок у сваім казаньні.

Гуманіст і беларускі патрыёт

Пасьля імшы зачыталі разьвітальны ліст міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.

«Мілінкевіч як грамадзянін двух нацый сваім жыцьцём напісаў прыгожую карціну. Ягонае жыцьцё было ўзорам. Польшча будзе заўжды памятаць. Страцілі ня толькі вялікага чалавека, але выбітнага гуманіста, які нёс гэты гуманізм у палітыку», — адзначаецца ў лісьце.

Ад імя сьпікеркі Сэйму Польшчы выступіў дэпутат Робэрт Тышкевіч, які сябраваў з Аляксандрам Мілінкевічам.

«Мы разьвітваемся з выбітным чалавекам. Мы сябравалі зь ім з 2006 году. [...] Ён ня быў рэвалюцыянэрам, ён быў беларускім патрыётам, які паходзіў ад роду ўдзельніка студзеньскага паўстаньня 1863 году. Быў заснавальнікам студэнцкай праграмы імя Каліноўскага, якая павінна працягвацца», – сказаў ён.

Аляксандра Мілінкевіча пахавалі на Вайсковых могілках у Варшаве

Могілкі «Павонзкі» ў Варшаве — гэта адзін з галоўных нацыянальных нэкропаляў Польшчы, дзе пахаваныя ўдзельнікі барацьбы за незалежнасьць, абаронцы Варшавы, жаўнеры Арміі Краёвай і ўдзельнікі Варшаўскага паўстаньня.

Пахаваньне Аляксандра Мілінкевіча. Вайсковыя могілкі ў Варшаве (Польшча), 22 жніўня 2026 году

Тут таксама знайшлі спачын многія выбітныя палітыкі, навукоўцы і дзеячы культуры, таму пахаваньне на гэтых могілках лічыцца знакам асаблівай грамадзкай пашаны. Аляксандра Мілінкевіча пахаваюць як вядомага беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча, які ўсё жыцьцё адстойваў незалежнасьць, дэмакратыю і эўрапейскую будучыню Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалавек, які ўвасабляў беларускую дэмакратычную супольнасьць. Памяці Аляксандра Мілінкевіча