Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі, суд таксама абавязаў расейца сплаціць больш за 8,1 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны ў даход дзяржавы.
Што папярэднічала
У канцы 2015 году петрыкаўскія сілавікі завялі крымінальную справу супраць грамадзяніна Расеі за забітага зубра — у ягонай паляўнічай пуцёўцы, што звычайна атрымліваюць іншаземцы для паляваньня ў Беларусі, не была пазначана магчымасьць паляваць на гэтую жывёлу.
Справу завялі паводле ч.4 артыкулу 282 Крымінальнага кодэксу Беларусі — незаконнае паляваньне, у выніку якога нанесены ўрон у асабліва вялікім памеры.
У студзені 2016 году году пракурор Петрыкаўскага раёну заявіў пазоў аб спагнаньні кампэнсацыі ў памеры, эквівалентным 80 тысячам эўра.
У красавіку 2017 году Генэральная пракуратура Беларусі, абапіраючыся на Канвэнцыю аб прававой дапамозе і прававых дачыненьнях, накіравала крымінальную справу для расьсьледаваньня ў Расею. Але ў 2020 годзе расейская пракуратура закрыла справу ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў крымінальнага перасьледу.
У 2021 годзе пракурор Петрыкаўскага раёну зьвярнуўся ў суд па прымусовае спагнаньне кампэнсацыі ўрону. Абвінавачанага праінфармавалі ад часе і месцы разгляду адміністрацыйнай справы, але ён не зьявіўся і накіраваў пісьмовы адказ, у якім заявіў, што нязгодны з заяўленымі беларускай пракуратурай патрабаваньнямі.
Адзначаецца, што судовае рашэньне яшчэ не набыла юрыдычную моц. Выданьне таксама не згадвае, ці тлумачылі ў пракуратуры і судзе, якім чынам будуць дабівацца спагнаньня гэтых сродкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады Беларусі панізілі ахоўны статус зуброў, мядзьведзяў, рысяў і барсукоўЧаму гэта важна
У Беларусі налічваецца больш за 2 700 зуброў — гэта прыблізна траціна ад усясьветнага ліку. Паляваньне на іх дазволена, але строга абмежавана. Улады дазваляюць адстрэльваць толькі жывёл з рэзэрвовага генафонду — хворых, старых ці траўміраваных асобінаў.
Для грамадзян Эўразійскага эканамічнага саюзу кошт ліцэнзіі на нетрафэйнага зубра складае прыблізна 7 тысяч рублёў, а трафэйнага — 10 тысяч. Для грамадзян іншых дзяржаў кошт можа быць вышэйшы.