Міліцыя выявіла ў кватэрах беларусаў шмат абсталяваньня для махлярскіх кол-цэнтраў

Мабільныя тэлефоны, выкладзеныя на стол пры ператрусе ў махлярскіх цэнтрах. Архіўнае фота

Удзельнікі махлярскіх цэнтраў абзвону выманьваюць у ў людзей грошы.

У Менскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласьцях сілавікі выявілі нелегальнае тэлекамунікацыйнае абсталяваньне, з дапамогай якога дзейнічаюць інтэрнэт-махляры.

Пра гэта паведаміла МУС Беларусі. Міліцыя ў некалькіх рэгіёнах Беларусі выявіла асоб, якія ў сябе дома разьмясьцілі і забясьпечвалі функцыянаваньне SIM-банкаў і GSM-шлюзаў. Абсталяваньне можа аддалена выкарыстоўвацца ашуканскімі кол-цэнтрамі для званкоў грамадзянам, у тым ліку за мяжу.

«Абсталяваньне, зьвязанае паміж сабой у інтэрнэце праз замежныя сэрвэры, магло выкарыстоўвацца для ашуканскіх званкоў і рассылкі SMS», — паведамляе МУС Беларусі.

МУС заявіла, што спынілі шэраг такіх вузлоў сувязі, канфіскавалі больш за 30 адзінак абсталяваньня, а таксама звыш 20 тысяч замежных SIM-карт.

Грамадзяне, якія паставілі гэтае абсталяваньне ў сябе дома, атрымалі праз інтэрнэт прапанову «лёгкага» заробку.

Што папярэднічала

Сёлета Менскі гарадзкі суд вынес выракі ў справе махлярскіх кол-цэнтраў. Былі абвінавачаныя 5 кіраўнікоў і 39 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі, офісы якой знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Менску. Махлярскія цэнтры абзвону дзейнічалі ў 2017–2024 гадах. Іх ахвярамі былі грамадзяне краін СНД і Эўрапейскага Зьвязу. Падманвалі, прапаноўваючы атрымаць пасіўны даход ад інвэставаньня грошай у фінансавыя праекты, якіх насамрэч не існавала. Страты перавысілі 2 млн рублёў.

Кіраўнікоў асудзілі на тэрміны ад 6 да 11,5 года са штрафамі. Шараговым удзельнікам прызначылі пакараньні ад 3 гадоў 3 месяцаў да 7 гадоў 6 месяцаў увязьненьня з штрафамі.

Як дзейнічаюць махлярскія цэнтры абзвону

Раней у Сьледчым камітэце заявілі, што разам з МУС і ГУБАЗіК правялі ў Менску шэраг затрыманьняў, каб спыніць дзейнасьць махлярскіх кол-цэнтраў. Адзін месьціўся ў мікрараёне Лебядзіны, а другі на Нямізе.

Два ашуканскія цэнтры абзвону разьмяшчаліся ў Менску і мелі адзіны дыстанцыйны цэнтар кіраваньня. Іх працу забясьпечвалі 7 аддзелаў, якія мелі розную спэцыялізацыю ў завалодваньні грашыма пацярпелых.

Паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства тады затрымалі 55 чалавек, сярод іх 9 замежных грамадзян.

Паводле МУС, «тысячы грамадзян больш як з 180 краін пацярпелі ад іхнай злачыннай дзейнасьці».

Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што сярод найбольш пашыраных відаў кібэрвымаганьняў — пагроза распаўсюду прыватнай інфармацыі, у тым ліку інтымная перапіска, фатаграфіі, відэазапісы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі махляры выкарыстоўваць жаданьне людзей выехаць за мяжу на заробкі