«Усё, што вам цікава, і ўсё, што мы можам зрабіць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, мы для вас зробім», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Мін Аўнг Глайнг адзначыў, што разам зь ім у Беларусь прыехалі каля сотні прадстаўнікоў бізнэсу, а ў межах візыту ў Менску ўжо пасьпяхова адбыўся Беларуска-м’янманскі бізнэс-форум, дзе бізнэсоўцы і прамыслоўцы пазнаёміліся з прадукцыяй адно аднаго, перадае прэс-служба Лукашэнкі.
Прэзыдэнт М’янмы ўжо пасьпеў наведаць «Гродна Азот». «У мяне зьявілася шмат ідэяў наконт супрацоўніцтва», — адзначыў ён. Дарогай ён паглядзеў на беларускія палі і лясы. А Лукашэнка сказаў, што прырода Беларусі і М’янмы мае падобныя рысы. Напрыклад, у абедзьвюх краінах шмат лясоў і зеляніны, а таксама часта ідуць дажджы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік хунты М’янмы перад сустрэчай з Лукашэнкам пагаварыў пра эканоміку з ТурчынымУ М’янме кіруе вайсковая хунта
Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня і Паўднёва-ўсходняй Азіі адбыўся з-за канфлікту Беларусі з Захадам.
У М’янме Лукашэнка выказваў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга, які стаў прэзыдэнтам.
У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўным кампанэнтам абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрытае ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.
Вайсковае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.
Праваабарончая арганізацыя Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.
Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.