Беларускіх жанчын ва ўзросьце ад 18 да 39 гадоў падчас дыспансэрызацыі ў абавязковым парадку будуць правяраць на бясплоднасьць. Яны будуць праходзіць гарманальны скрынінг і дасьледаваньне аварыяльнай рэзэрвы (запасу яйцаклетак).
Гэта, паводле Міністэрства аховы здароўя, дазволіць выявіць рызыкі бясплоднасьці яшчэ да зьяўленьня клінічных праяваў. Для жанчын старэйшага веку ў межах дыспансэрызацыі прадугледжаныя мэтавыя скрынінгі на рак малочнай залозы і астэапароз.
Меры ўводзяць у рамках Году беларускай жанчыны, абвешчанага Лукашэнкам. Пры гэтым у Беларусі з 19 чэрвеня дзейнічае адміністрацыйная адказнасьць за так званую «прапаганду бязьдзетнасьці». ААН раскрытыкавала гэтую норму, заявіўшы, што яна стварае рызыкі для свабоды выказваньня і рэпрадуктыўнай аўтаноміі.
Гэтыя захады адбываюцца на тле нізкай нараджальнасьці, зьвязанай у тым ліку зь міграцыяй зь Беларусі людзей дзетароднага ўзросту і нежаданьнем заводзіць дзяцей у Беларусі ў цяперашніх умовах.
Гендэрная дасьледчыца Ірына Сідорская лічыць, што гэта даволі контравэрсійная навіна, асабліва з гледзішча таго, як яна падаецца.
Ірына Сідорская, архіўнае фота
З аднаго боку добра, што жанчыны будуць больш ведаць пра сваё здароўе.
«Але зь іншага боку я бачу тут хутчэй ня клопат пра здароўе жанчыны, а клопат пра дэмаграфічную бясьпеку», — сказала Сідорская ў камэнтары Свабодзе.
Яна зьвяртае ўвагу, што праграма разьлічаная на 18-39-гадовых «будучых мамаў» — нібыта дзяржава ўжо як бы вызначыла за жанчын, што іхнае галоўнае прызначэньне — нараджаць.
Таксама экспэртка задаецца пытаньнем: што дзяржава прапануе жанчынам, у якіх выявяць нізкую аварыяльную рэзэрву?
«Яна прапануе дадатковыя абсьледаваньні? Нейкае лячэньне? Можа, нейкую псыхалягічную дапамогу? Альбо гэта будзе падстава сказаць жанчыне: „Гадзіньнічак цікае, зьвярні ўвагу, табе трэба пасьпяшацца“».
«Таму я бачу тут ня клопат пра жанчыну, а менавіта жаданьне дзяржавы вырашыць праблему недастатковай нараджальнасьці», — кажа Сідорская.
«Я ўпэўненая, што не ў мэдыцыне ляжаць галоўныя праблемы таго, чаму беларускі не прымаюць рашэньне нараджаць. А дзяржава як быццам ня бачыць гэтых галоўных праблем», — падсумоўвае яна.