Пра гэта піша «Азаттык Азія» з спасылкай на сайт «Акжайык».
У папярэдняй вэрсіі канцэпцыі адным з асноўных прынцыпаў зьнешняй палітыкі краіны была «пераемнасьць зьнешнепалітычнага курсу Першага Прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан — Елбасы Н. А. Назарбаева на новым этапе разьвіцьця краіны». У новай вэрсіі напісана: «пераемнасьць зьнешнепалітычнага курсу на новым этапе разьвіцьця краіны».
Акрамя таго, Назарбаева пазбавілі «пажыцьцёвага права зьвяртацца да народу, дзяржаўных органаў і службовых асобаў, а таксама выступаць з ініцыятывамі ў важных пытаньнях зьнешняй палітыкі».
Гэта ня першы выпадак, калі Назарбаеў губляе прапісаныя перад адстаўкай правы і прывілеі.
- У лютым 2022 году Назарбаева пазбавілі паўнамоцтваў пажыцьцёва ўзначальваць Раду бясьпекі.
- У лютым 2023 году закон «Аб Першым Прэзыдэнце — Елбасы» быў афіцыйна скасаваны.
- У верасьні 2022 году гораду Нур-Султан вярнулі назву Астана.
- У студзені 2024 году з назвы Нацыянальнага ўнівэрсытэту абароны Кахазстану прыбралі частку «імя Першага Прэзыдэнта РК — Елбасы».
- З 2022 да 2024 году ў краіне дэмантавалі некалькі помнікаў Назарбаеву.
Сам Назарбаеў апошнім часам рэдка зьяўляецца на публіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Апэрацыя «Пераемнік» нідзе не атрымалася так, як была задумана ад пачатку, — Вадзім ДубноўЯк рассыпаліся «пажыцьцёвыя» гарантыі Назарбаева
2 студзеня 2022 году ў Казахстане ўспыхнулі пратэсты, выкліканыя падаражэньнем звадкаванага газу.
4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы захоплівалі дзяржаўныя будынкі, патрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.
5 студзеня прэзыдэнт Такаеў пераняў у Назарбаева кіраўніцтва Радай бясьпекі, а 7 студзеня заявіў, што аддаў сілавікам загад адкрываць агонь без папярэджаньня.
Падчас тых падзей загінулі 238 чалавек, сярод іх 19 сілавікоў.
Пасьля задушэньня пратэстаў пачаўся паступовы дэмантаж палітычных прывілеяў і элемэнтаў культу Назарбаева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ад дыктатара-бацькі да дыктатара-сына. Чым Лукашэнку вабіць дынастычны транзыт уладыЧаму гэта важна
Дэмантаж спадчыны эпохі Назарбаева паказвае, што ў пэрсаналісцкіх рэжымах са зьменай аўтарытарнага лідэра мяняецца палітычны рэжым, лічыць палітычны аналітык Валер Карбалевіч:
«У краінах з аднаасобнай уладай дыктатар стварае палітычную сыстэму пад сябе, паводле ўласнага вобразу і падабенства. І ў гэтую сыстэму цяжка перасадзіць іншую фігуру, чалавека зь іншым прозьвішчам. Бо палітычнае адзеньне іншага памеру. Гэта не абавязкова павінна быць дэмакратычная трансфармацыя. Яна проста іншая».
«Гэта азначае, што сыход Лукашэнкі амаль зь непазьбежнасьцю пацягне за сабой зьмену палітычнага рэжыму ў Беларусі. Каго б цяперашні дыктатар ні прызначыў у якасьці пераемніка», — піша Карбалевіч.