Ужо сёньня: 35 гадоў таму ў Менску адбыўся мітынг супраць путчу, на якім Статкевіч абвясьціў пра стварэньне БЗВ

Мікола Статкевіч абвяшчае пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, 20 жніўня 1991 году

Падзеі 20 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

35 гадоў таму болей за 100 000 чалавек выйшлі да будынку Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве, пратэстуючы супраць змоўнікаў, якія жадалі скінуць Міхаіла Гарбачова. У Менску ў гэты дзень перад Домам ураду на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ адбыўся мітынг пратэсту супраць утворанага путчыстамі ў Маскве Дзяржаўнага камітэту надзвычайнага становішча (ГКЧП).

Зянон Пазьняк і Лявон Баршчэўскі на мітынгу супраць ГКЧП, жнівень 1991 г.

У гэты дзень падпалкоўнік Мікола Статкевіч спачатку ў жывым эфіры праграмы «Беларуская маладзёжная», а пасьля на мітынгу публічна абвясьціў пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Ён заклікаў не выконваць загады путчыстаў і заявіў пра неабходнасьць стварэньня беларускага войска.

Таксама ў гэты дзень

1896 — амэрыканскія вынаходнікі Аляксандар Кіт, Джон і Чарлз Эрыксаны падалі заяўку на патэнт дыскавага тэлефона.

1915 — выйшаў апошні нумар газэты «Наша Ніва» (7 жніўня паводле старога стылю). Рэдактарам быў Янка Купала. Галоўным чыньнікам закрыцьця стала Першая сусьветная вайна.

1924 — у Празе на канфэрэнцыі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў было створана „Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў“. Ужо ў 1930 годзе яно стала найбуйнейшай арганізацыяй беларускага студэнцтва, якое вучылася па ўсім сьвеце, прадстаўляла інтарэсы 540 сяброў і ўваходзіла ў Міжнародную студэнцкую канфэдэрацыю.

1937 — польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Таварыства беларускай асьветы.

1937 — у расейскім Саратаве НКВД паўторна арыштаваў Вацлава Ластоўскага, палітыка, пісьменьніка, гісторыка, філёляга, літаратуразнаўца, этнографа, акадэміка АН Беларусі. 23 студзеня 1938 яго расстраляюць.

1991 — Эстонія абвясьціла аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасьці, страчанай у выніку савецкай акупацыі 1940 году.

1998 — Вярхоўны суд Канады пастанавіў, што Квэбэк ня можа ў аднабаковым парадку выйсьці са складу краіны.

2020 — У Крамлі заявілі, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1742 — Тадэвуш Рэйтан, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай ад Наваградзкага ваяводзтва. На сойме 1773 году ён быў адным з найбольш вядомых праціўнікаў зацьвярджэньня Першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. Карціна Яна Матэйкі.

1847 — Баляслаў Прус, польскі пісьменьнік.

1860 — Раймон Пуанкарэ, францускі дзяржаўны дзяяч, прэзыдэнт Францыі ў 1913–1920 гадах.

1954 — Ігар Чаквін, беларускі гісторык, этнограф.

У памяці

1897 — Аскар Авэйдэ, адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага ўраду. Памёр на пасяленьні ў Вяцкай губэрні, высланы туды за ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў.

1919 — Іван Луцкевіч, беларускі археоляг, публіцыст, палітык, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Іван Луцкевіч

1938 — Уладзімер Пракулевіч, юрыст, журналіст, палітык, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., палітэмігрант, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1991 — Баляслаў Грабінскі, доктар мэдыцыны, беларускі грамадзкі дзяяч.

2011 — Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль, 1982 год