Як адзначыў Альгерд Бахарэвіч для «ПіКа Свабоды», гэта дзьве вельмі важныя для яго кнігі.
«Новы беларускі этраман „Падземныя пераходы“ выходзіць у выдавецтве Янушкевіч і ўжо зусім хутка 27 і 28 жніўня ў Варшаве на кніжным клубе мы абмяркуем гэты раман з чытачамі. Яшчэ адна важная падзея — гэта выклад майго галоўнага твора рамана „Сабакі Эўропы“ у польскім перакладзе. Гэта вельмі вялікая для мяне падзея. Я вельмі рады, што сьвет „Сабакаў Эўропы“ цяпер загучыць па-польску. Кнігу пераклала Яана Бэрнатовіч. Раман выходзіць у адным з найлепшых і самых вядомых у Эўропе польскіх выдавецтваў Wydawnictwo Literackie. З 9 верасня кніжка будзе ў продажы і 15 верасьня мы ў Варшаве ладзім вялікую прэзэнтацыю польскіх „сабакаў“».
Як анансуе твор «Кнігаўка», «галоўныя героі рамана, сямейная пара беларусаў з Бэрліна, нечакана даведваецца пра запуск у Беларусі спэцыяльнай дзяржаўнай Праграмы. На месца людзей, якія выехалі з краіны і не могуць вярнуцца, перасяляюць жыхароў расейскай „глыбінкі“. Ня проста перасяляюць, а прысвойваюць ідэнтычнасьць зьехаўшых — надаюць тыя ж імёны і прозьвішчы, пашпарты, уладкоўваюць на папярэднія рабочыя месцы, засяляюць у кватэры былых насельнікаў».
Выдавецтва «Янушкевіч» называе раман «Падземныя пераходы» «дзёрзкім поглядам на рэчаіснасьць». Рэдактар кнігі — Сяргей Шупа, вокладку аформіў мастак Сяргей Шабохін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мы былі то ахвярамі, то героямі, цяпер зрабіліся памагатымі Пуціна». Размова з Бахарэвічам пра стэрэатыпы, небясьпеку кніг і шанец Беларусі«Сабакі Эўропы» па-польску
«Сабакі Эўропы» па-польску выходзяць у кракаўскім Wydawnictwo Literackie. Паводле Бахарэвіча вокладку для польскіх «Сабакаў» зрабіла тая самая каманда, якая ў 2024-м рабіла вокладку для нямецкага перакладу. «Сабакі Эўропы» — адзін з найбольш вядомых твораў сучаснай беларускай літаратуры. Раман ужо перакладзены на нямецкую і расейскую мовы, паводле Бахарэвіча, цяпер ідзе праца над нарвэскім і дацкім перакладамі. 900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы» выйшаў у 2017 годзе ў менскім выдавецтве «Логвінаў» і быў высока ацэнены крытыкамі. На радзіме Бахарэвіч атрымаў за яго прэмію «Кніга года» Беларускага ПЭН-цэнтра, незалежную Чытацкую прэмію і другую прэмію Ежы Гедройца.
У Беларусі творы Бахарэвіча прызнаныя «экстрэмісцкімі», а частка накладу «Сабакаў Эўропы» была фізычна зьнішчаная.
- Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў Менску ў 1975 годзе. Першыя тэксты пачаў публікаваць яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Быў адным з заснавальнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Сярод асноўных твораў — «Праклятыя госьці сталіцы», «Сарока на шыбеніцы», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня», «Дзеці Аліндаркі», «Апошняя кніга пана А.», «Сабакі Эўропы», «Ператрус у музэі» і іншыя.
- У 2025 годзе Бахарэвіч атрымаў прэмію Ляйпцыскага кніжнага кірмашу «За ўклад у эўрапейскае паразуменьне».