У Нацбанку Беларусі адрэагавалі на падзеньне курсу беларускага рубля: усё стабільна

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што сытуацыя з курсам беларускага рубля «спакойная і стабільная».

«Сытуацыя абсалютна спакойная, рухі курсу адбываюцца ў межах нашых калідораў. Калі казаць пра невялікае аслабленьне беларускага рубля да даляра, то яно зьвязана ў першую чаргу з аслабленьнем расейскага рубля датычна да даляра. У нас утварэньне курсу ажыцьцяўляецца паводле формулы з улікам нашага валютнага кошыка. Адпаведна, мы крыху аслаблі датычна да амэрыканскай валюты. Але зноў жа — гэта ў межах нашых курсавых калідораў», — працытавала Рамана Галоўчанку дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

Паводле яго, у мінулыя гады ў жніўні насельніцтва, найперш юрыдычныя асобы) выступала пакупніком валют. «Але цяпер і фізычныя, і юрыдычныя асобы валюту прадаюць. Гэта таксама зьяўляецца пэўнай падтрымкай курсу беларускага рубля. Таму ўсё спакойна і стабільна», — запэўніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чым прычына падзеньня курсу беларускага рубля? Тлумачыць эканамістка

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Як паведаміў сайт MyFin, на Беларускай валютна-фондавай біржы 1 даляр ЗША на таргах 18 жніўня вырас да ўзроўню 3.031 беларускага рубля, дадаўшы за дзень 0.0182 рубля (+0.6%). Эўра каштаваў 3.4941 беларускага рубля.

На 18 жніўня ўстаноўлены курс Нацбанку Беларусі — 3,01 рубля за даляр ЗША. Гэты паказчык быў дасягнуты на біржы ўчора.

Паварот на менскай валютнай біржы адбыўся на гэтым тыдні — 17 жніўня даляр і эўра прыкметна падаражэлі, даляр — на 0,01 рубля, гэта максымум за амаль 5 месяцаў. Да гэтага курс быў стабільны ці беларускі рубель нават даражэў.

У чым прычына падзеньня курсу

Гэта часовая зьява ці ўстойлівы трэнд на паніжэньне і з чым гэта зьвязана?

Эканамістка, старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна ў інтэрвію Свабодзе зьвязвае падзеньне курсаў беларускага рубля з праблемамі ў расейскай эканоміцы:

«Прычынай зьніжэньня курсу беларускага рубля зьяўляецца зьніжэньне курсу расейскага рубля. Фактар расейскага рубля застаецца істотным, таму што Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі. Меней валютнай выручкі паступае ў Расею, нэгатыўна ўзьдзейнічае пашкоджаньне расейскай інфраструктуры, атакі бесьпілётнікаў на расейскія НПЗ, што падвышае попыт на імпартнае паліва, больш дарагое. Таксама адбіваюцца санкцыі на расейскую эканоміку. Усё гэта разам узьдзейнічае на расейскі рубель і апасродкава — на беларускі».