Ужо сёньня: 35 гадоў праімпэрскаму путчу ў Маскве

19 жніўня 1991 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын стаіць на БТРы перад будынкам Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве. Ён заклікаў грамадзян і войска супрацьстаяць змоўнікам з ГКЧП і абараніць дэмакратыю

Падзеі 19 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 жніўня 1991 году ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў СССР: змоўнікі (так званы ГКЧП) ізалявалі прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова ў Фаросе, абвясьцілі яго няздольным выконваць абавязкі «па стане здароўя» і заявілі аб увядзеньні надзвычайнага становішча.

У Менску дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі заяву з асуджэньнем путчу, патрабаваньнем склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. Увечары на плошчы перад Домам ураду Беларускі Народны Фронт правёў мітынг пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла Беларусь

Таксама ў гэты дзень

1430 — сарваная каранацыя Вітаўта. Не пазьней за 19 жніўня атрад польскага шляхціча Яна Чарнкоўскага перахапіў і абрабаваў паслоў рымскага караля Жыгімонта Люксэмбурскага, якія везьлі Вітаўту дакумэнты для каранацыі. Іншая дэлегацыя, з каронай Вітаўта і ягонай жонкі Юльяны, празь перакрытыя палякамі шляхі так і ня выехала з Франкфурту-на-Одэры. Каранацыю, прызначаную на 8 верасьня, перанесьлі на 29 верасьня, але і яна не адбылася. А 27 кастрычніка Вітаўт памёр.

1562 — пад Невелем атрад пад камандаваньнем польскага ротмістра Станіслава Лесьнявольскага адбіў атаку значна большага маскоўскага войска Андрэя Курбскага і нанёс яму значныя страты.

1925 — у Вільні пачалі выдаваць газэту «Жыцьцё Беларуса». Першая газэта, што выдавалася ад імя БСРГ.

1989 — прэзыдэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі даручыў сябру «Салідарнасьці» Тадэвушу Мазавецкаму сфармаваць урад.

Тадэвуш Мазавецкі 24 жніўня 1989 году, калі Сойм прызначыў яго прэм’ер-міністрам краіны. Ён стаў першым некамуністычным прэм’ер-міністрам у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны

У гэты дзень нарадзіліся

1831Зыгмунт Чаховіч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–64, паплечнік Кастуся Каліноўскага.

1883 Габрыэль «Како» Шанэль, француская кутур’е і заканадаўца моды.

«Како» Шанэль, Парыж, 1944

1912 Барыс Мікуліч, беларускі пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.

1946Віктар Гардзей, паэт і празаік.

1969Альгерд Невяроўскі, журналіст, працаваў у тым ліку і на Радыё Свабода.

У памяці

1506Аляксандар Ягелончык, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1662Блез Паскаль, францускі навуковец.

Францускі навуковец і літаратар Блез Паскаль, партрэт работы Філіпа дэ Шампэня

1929 Сяргей Дзягілеў, расейскі мастацкі і тэатральны дзеяч.

1936Фэдэрыка Гарсія Лёрка, гішпанскі паэт і драматург.

Фрэдэрык Гарсія Лорка

1977 Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

2017 Алеся Фурс, удзельніца паваеннага антысавецкага Супраціву, зьняволеная ГУЛАГу, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

2020 — у шпіталі памёр Генадзь Шутаў, трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра пры задушэньні пратэстаў 9—12 жніўня. Яму выстраліў у патыліцу адзін зь сілавікоў. Нягледзячы на гібель, яго асудзілі за супраціў з ужываньнем гвалту і прызналі вінаватым без прызначэньня пакараньня.