Як стала вядома Позірку, пратэст супраць закрыцьця ў Менску офіса Народнага зьвязу Нямеччыны па доглядзе за ваеннымі магіламі (Volksbund Deutsche Kriegsgräberfürsorge, VDK) пакуль ня мае посьпеху.
Пра гэта гаворыцца ў адказе ўраду ФРГ на запыт дэпутатаў апазыцыйнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» на тэму фінансаваньня, рэсурсаў і патэнцыйных праблем догляду за нямецкімі воінскімі пахаваньнямі за мяжой.
У адказе адзначаецца, што 16 чэрвеня 2025 года Менскі гарвыканкам паведаміў VDK аб рашэньні закрыць офіс, спаслаўшыся на парушэньне ім заканадаўчых нормаў.
«Пратэст, выказаны зьвязам і пасольствам Нямеччыны ў Менску супраць гэтага рашэньня, пакуль не завяршыўся посьпехам. Фэдэральны ўрад Нямеччыны працягвае актыўна адстойваць інтарэсы зьвязу перад беларускімі ўладамі», — падкрэсьліваецца ў адказе.
У дакумэнце прыводзіцца табліца з указаньнем сум, неабходных для рэканструкцыі і абслугоўваньня пахаваньняў у розных краінах. Для Беларусі гэта 120 тысяч эўра.
Як разьвівалася супрацоўніцтва
Нямецка-беларускае міжурадавае пагадненьне аб доглядзе за ваеннымі магіламі было падпісанае 28 чэрвеня 1996 году.
Бакі кіраваліся «ўзаемным жаданьнем даць загіблым у войнах з абодвух бакоў годны апошні прытулак», усьведамленьнем таго, што «догляд за магіламі загінуўшых у войнах на нямецкай і беларускай зямлі зьяўляецца канкрэтным выразам паразуменьня паміж нямецкім і беларускімі народамі».
Пад загінуўшымі з нямецкага боку ў пагадненьні разумеліся асобы, якія ўваходзілі ў склад нямецкіх узброеных сіл, прыраўнаваныя да іх асобы, а таксама іншыя асобы з нямецкім грамадзянствам, якія памерлі ў выніку першай і другой сусьветных войнаў (1914-1918 і 1939-1945 гадоў) або ў выніку дэпартацый.
Загінулымі зь беларускага боку лічыліся беларусы, якія ўваходзілі ў склад расейскіх і савецкіх узброеных сіл і загінулі на тэрыторыі Нямеччыны ў ходзе абедзьвюх войнаў, якія памерлі ў нямецкім палоне або ад яго наступстваў да 31 сакавіка 1952 году, і ўцекачы.
Выканаўцамі пагадненьня былі вызначаныя Народны зьвяз Нямеччыны па доглядзе ваенных магіл і Міністэрства абароны Беларусі.
Колькі нямецкіх могілак у Беларусі
Паводле зьвестак нямецкага боку, на тэрыторыі Беларусі больш за 100 могілак нямецкіх салдат — удзельнікаў Першай сусьветнай вайны. Упарадкавана 32 зь іх. Большасьць вядомых могілак знаходзіцца ў раёне возера Нарач, дзе ішлі запеклыя баі.
Сем могілак нямецкіх салдат і ваеннапалонных адносяцца да пэрыяду Другой сусьветнай вайны. Гэта дзьве брацкія магілы: каля райцэнтра Бяроза ў Берасьцейскай вобласьці (адкрыта ў 2005 годзе; пахавана каля 9 тысяч салдат, у тым ліку вугорцы, якія ваявалі на баку Нямеччыны) і каля вёскі Шчаткава Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці (адкрыта ў 2011 годзе; 31,5 тысяч пахаваньняў).
Ёсьць таксама могілкі каля вёскі Хадасовічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласьці (380 асобных пахаваньняў), ля райцэнтру Глыбокае Віцебскай вобласьці (адноўлена ў 2000 годзе; 1.069 пахаваньняў), вёскі Бярозаўка Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці (рэканструявана ў 1995-м; у Магілёве, раён Халмы (узьнікла ў 1945 годзе; 498 пахаваных ваеннапалонных), і каля вёскі Тарасава Менскага раёна (брацкая магіла для больш чым 1 тысячу ваеннапалонных).
Што пісала прапаганда
У ліпені 2021 года прапагандыст дзяржаўнай газэты «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия») Юры Церах апублікаваў артыкул «Што нам рабіць з магіламі нацыстаў?», у якім прапанаваў абмяняцца зь Нямеччынай парэшткамі загінуўшых.
«Мёртвыя ўжо памерлі і ляжаць там, дзе ляжаць. А іх нашчадкі, якія так і не змаглі прыняць паражэньне, працягваюць тую вайну. Цяпер вайна ідзе праз санкцыі, падрыхтоўку экстрэмістаў, расхітваньне грамадзтва, спробы задушыць краіну без фармальнага абвяшчэньня вайны. Памянялася толькі форма, але ня зьмест. Можа, нам варта з усёй павагай сабраць усе гэтыя астанкі салдат вэрмахта і адправіць іх таварным вагонам на радзіму дзядулі Гітлера? Ім там мясцовыя нэанацысты на магілах свастыкі маляваць стануць, і ўсе будуць задаволеныя. Ну, а праўда, навошта ім ляжаць у беларускай зямлі? Яны прынесьлі нашаму народу толькі гора і сьмерць, але пахаваныя тут. Як на мяне, іх адпачынак крыху зацягнуўся», — напісаў Церах.
Чаму гэта важна
Народны зьвяз Нямеччыны па доглядзе за вайсковымі магіламі — гуманітарная арганізацыя, якая займаецца пошукам, эксгумацыяй і перазахаваньнем астанкаў немцаў, якія загінулі альбо памерлі за мяжой. Зьвяз таксама апякуецца нямецкімі пахаваньнямі ва ўсім сьвеце.
Арганізацыя існуе ў першую чаргу на сродкі спонсараў, апякуецца больш чым 840 пахаваньнямі ў 45 краінах. Таксама супрацоўнікі і валянтэры працуюць з моладзьдзю розных краін па тэмах памяці і прымірэньня. Акрамя сваякоў загінуўшых, пахаваньнямі цікавяцца гісторыкі — пахаваньнямі 5,4 мільёна немцаў, загінуўшых падчас войнаў.
Дазволіўшы дзейнасьць Зьвязу, Беларусь далучылася да гуманітарнага праекту. Вядома, што магілы савецкіх салдат у Нямеччыне дагледжаныя належным чынам.