Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас абвясьціў пра адстаўку, якой папярэднічаў скандал зь меркаваным нападам на памежнікаў мігрантаў, што трапілі на літоўскую тэрыторыю цераз тунэль.
Любаевас займаў гэтую пасаду з 2019 году.
Што здарылася на мяжы
5 жніўня дэпутатка рады Лазьдзейскага раёну Вільма Данаўскене напісасла ў Фэйсбуку, што на беларуска-літоўскай мяжы група мігрантаў выйшла з тунэля і напала на памежнікаў.
Памежнікі ў той дзень выявілі падкоп і пачалі затрымліваць нелегалаў, якія спрабавалі пранікнуць у Літву. У гэты момант, як сьцьвярджаецца, з падкопу выйшлі яшчэ каля 20 чалавек і напалі на чатырох памежнікаў з палкамі і камянямі. Паводле Delfi, напад адбыўся яшчэ 26 ліпеня.
Міністар унутраных спраў Літвы Марцінас Кацялінас заявіў, што яго не праінфармавалі належным чынам пра інцыдэнт, і загадаў правесьці праверку.
Кіраўнік памежнікаў Рустамас Любаевас тады адпрэчыў гэтыя заявы.
«Нападу з боку мігрантаў дакладна не было. Прарыву празь дзяржаўную мяжу таксама не было», — заявіў ён.
На мінулым тыдні, 14 жніўня, выйшаў артыкул Lrytas, у якім з спасылкай на крыніцу выданьня сьцьвярджалася, што мігранты падчас інцыдэнту спрабавалі зацягнуць аднаго з памежнікаў на беларускую тэрыторыю, пасьля чаго пацярпелы памежнік зьвярнуўся да лекараў і выйшаў на бальнічны.
Пра заканчэньне праверкі, якая б пацьвердзіла ці зьняпраўдзіла інфармацыю крыніцаў літоўскіх СМІ, не паведамлялася.