У 2023 годзе беларусу Віталю Тысеву ў Нямеччыне зрабілі складаную апэрацыю. Шмат гадоў перад гэтым у яго была траўма хрыбта, якая дазваляла жыць і працаваць. Складанасьці пачаліся ў 2020 годзе, калі Віталя падчас пратэстаў арыштавалі і зьбілі сілавікі. Суткі ў ізалятары справакавалі запаленьне. Разьвілася аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі хрыбетніка — анкілязуючы спандыліт, зрасьліся ўсе суставы хрыбетніка і іншыя суставы.
Тры гады таму нямецкія лекары сказалі: калі не зрабіць апэрацыю ў бліжэйшыя тыдні, то мужчыну можа паралізаваць. Беларусы тады сабралі Тысеву больш за 55 тысяч эўра. Аперавалі Віталя ў вядомай нямецкай клініцы «Шарытэ», усё прайшло пасьпяхова.
Цяпер Віталь Тысеў жыве ў польскім горадзе Шчэцін на мяжы з Нямеччынай.
«Дзякуючы беларускаму спадарству ўсё добра. Бегаю», — усьміхаецца ён.
Віталь Тысеў на лецішчы
Ходзіць ён з кавенькай. Віталь дадае, што яму баліць правае плячо, яно слаба рухаецца. Але ўколы аблягчаюць стан.
«Плячо недзе заціснута. Мне сьцягвалі нэрвы, як рэзалі, і дзесьці зацягнулі правы бок. Яно баліць ня ўвесь час, толькі як рухаюся. Руку падымаць магу, але невысока. Рабіць нешта фізычна магу, але толькі ў пэўнай пазыцыі. Як толькі троху вышэй ці ніжэй — баліць», — тлумачыць суразмоўца.
Віталь кажа, што яму можна было б зрабіць яшчэ адну апэрацыю на хрыбетніку, каб ён лепш сябе адчуваў і рухаўся. Але, зь ягоных словаў, яна не абавязковая. І ён вырашыў не рызыкаваць, бо гэта складаная апэрацыя, і невядома, як яна можа скончыцца. Да таго ж, апэрацыя дарагая. Суразмоўца кажа, што яна каштуе бадай што ня менш, чым папярэдняя. Яшчэ адна складанасьць — знайсьці лекара, які б пагадзіўся зрабіць такую апэрацыю. Польскія дактары адмаўляюцца, кажа Віталь, як і тры гады таму.
Жыве на лецішчы
Віталь разам з сваёй партнэркай Натальляй пераехаў на лецішча ў Шчэціне. Жыць там можна толькі з дазволу старшыні таварыства. Пакуль гэты дазвол у іх ёсьць. Кошт пражываньня за год — каля 700 эўра. Здымаць кватэру ім цяпер дорага.
«За кватэру плаціць тры тысячы (злотых. — РС) у месяц, а тут тры тысячы ў год», — кажа суразмоўца.
Плошча іхнага дамка 25 квадратных мэтраў. Частку памяшканьня ён дабудаваў сам. Расказвае, што сам ваду праводзіў, капаў зямлю, пракладаў трубы, сам склаў печку, якой ацяпляюць жытло.
Віталь у сваёй цяпліцы
На іхнім лецішчы ёсьць надзел у тры соткі. На зямлі Віталь займаецца фэрмэрствам.
«Як беларус, бульбу вырошчваю. Агуркі, памідоры, маліну, дурніцы», — расказвае ён пра свой агарод.
Бульбу вырошчваць на гэтай зямлі нельга, дадае суразмоўца. Таму ён прыдумаў пасадзіць агародніну ў мяшкі з зямлёй і так вырошчвае беларускі нацыянальны прадукт. Суразмоўца кажа, што агародніны ім цяпер хапае, ня трэба набываць агуркі, памідоры ў краме.
Узімку Віталь з Натальляй езьдзілі ў Францыю ў госьці да сяброў, дадае суразмоўца.
На працу, кажа Віталь, яго не бяруць. Каб падзарабіць, ён рамантуе дома ноўтбукі.
«Там, дзе я магу (фізычна. — РС) працаваць, там патрэбна польскае грамадзянства. Там, куды мяне бяруць, я не магу працаваць фізычна. Таксама працадаўцы ня хочуць мяне браць, бо мне патрэбна плаціць іншую страхоўку, што выходзіць даражэй. Учорную працаваць я таксама не магу — тады ў мяне няма (мэдычнай) страхоўкі. Мне трэба калоць дарагія ўколы раз у месяц», — тлумачыць суразмоўца.
Няма польскай пэнсіі
Польскую пэнсію Тысеву ня хочуць плаціць, кажа ён, бо беларускі бок не пацьвярджае ягоны працоўны стаж. Віталь аспрэчваў гэтае рашэньне ў судзе. Суд першай інстанцыі стаў на ягоны бок. Але пасьля польская кампанія мэдыцынскага страхаваньня (ZUS) усё адно адмовілася плаціць яму пэнсію, Віталь падаў апэляцыю на гэтае рашэньне. Калі адбудзецца новае судовае паседжаньне, яшчэ невядома.
«Можа яшчэ два або тры гады. Тут жа ў Польшчы ўсё няхутка. Тры гады мы чакалі суду першай інстанцыі», — кажа Віталь.
Віталь падчас адпачынку на лецішчы
Цяпер Віталь мае часовы від на жыхарства ў Польшчы. У наступным годзе ён будзе падаваць дакумэнты на пастаянны дазвол на жыхарства. Спадзяецца, што, магчыма, гэты статус дапаможа яму атрымліваць пэнсію.
Віталь атрымлівае дапамогу па інваліднасьці — каля 280 эўра. У яго другая група паводле беларускай клясыфікацыі, або «ўмераная» паводле польскай. Пэнсія па інваліднасьці, якую яму ня хочуць плаціць, складае не нашмат больш — каля 400 эўра. Аднак беларус заўважае, што тады б ён меў права на дадатковыя праграмы розных фондаў, якія дапамагаюць людзям зь інваліднасьцю, у тым ліку з працай. Цяпер туды яго не бяруць.