Сяргею Пелехаву 50 гадоў. Як расказаў сам Сяргей у размове са Свабодай, ён паходзіць з Віцебску, з канца 2018 году жыве ў Польшчы. І ў Беларусі, і ў Польшчы займаўся рамонтам тэхнікі, кампутараў, тэлефонаў.
Інцыдэнт здарыўся ўвечары суботы, 15 жніўня, працягвае аповед Сяргей. Ён з жонкай пайшоў на шпацыр з іхнім гадаванцам лябрадорам, хацеў таксама забраць пасылку ў варшаўскім раёне Беляны. У гэты час з суседняга дому выйшла пара з двума малымі сабачкамі, без павадкоў. Беларусы папрасілі суседзяў узяць сабачак на павадок, бо іхні гадаванец мог іх укусіць.
«Так мы папрасілі тры разы. Безвынікова. Урэшце пан (мужчына. — РС) пачуў наш акцэнт. Пачаў падыходзіць: „Co? Co? Co? Wyp…dalaj na Ukra… („Валі ва Ўкра…. — РС)“. Не дагаварыў. Мы кажам: „Мы зь Беларусі“. — „Wyp…dalaj dodomu“. І так некалькі дзясяткаў разоў. Ягоная жонка спрабавала яго адцягнуць: „Хадзем, хадзем“. Нібыта яны пайшлі далей», — расказвае пра пачатак інцыдэнту Сяргей Пелехаў.
Разьбітая рука Сяргея
Але, працягвае суразмоўца, незнаёмец неўзабаве вярнуўся да іх, штурхнуў жонку Сяргея, тая ўпала на клюмбу.
«Потым мяне пачаў штурхаць. Я ўдарыўся галавой і локцямі аб плітку. Ён зноў пачаў нападаць і зноў „Wyp…dalaj“. На лаўцы сядзелі нейкія алкашы. Адзін зь іх далучыўся, не нападаў фізычна, але казаў, маўляў, тут Польшча. Яшчэ раз мяне той (першы) пхнуў, я ўпаў, тэлефон разьбіўся ўшчэнт», — расказвае Пелехаў.
Нечакана да іх падышоў трэці мужчына, які далучыўся да нападнікаў, дадае суразмоўца. Той пырскаў з газавага балёнчыка і на Сяргея, і на яго жонку і на іхняга сабаку. Міма праходзіла дзяўчына-беларуска, якая далучылася да сытуацыі. Ёй таксама газ трапіў у твар.
«Рэзка ўсё скончылася. Я ўзяў у жонкі тэлефон, патэлефанаваў 112. Хвілін праз сем прыехала гарадзкая паліцыя», — кажа пацярпелы беларус.
Са словаў Сяргея, ён увесь у той момант быў у крыві. У яго быў моцна разьбіты адзін локаць, пашкоджаны другі, таксама калена, і застаўся сіняк пад вокам. На месца прыехала «хуткая дапамога», праверылі ў яго нэўралягічныя рэакцыі вачэй.
«Сказалі: „Можаце ісьці на SOR (прыёмны пакой шпіталя. — РС), а мы вам нічога ня зробім“. Хаця я ўвесь быў у крыві», — успамінае мужчына.
Падчас канфлікту таксама пацярпеў тэлефон беларуса
Калі прыехалі паліцэйскія, то нападнік ужо сышоў, як і мужчына, які пырскаў з газавага балёнчыка, адзначае Пелехаў. У выніку нікога не затрымалі. Таго, хто сварыўся на беларусаў толькі словамі, выклікалі ў паліцыю як сьведку на допыт. Але, наколькі ведае Сяргей, той не прыйшоў.
«Нас выклікалі з жонкай учора (16 жніўня. — РС), мы былі ранкам у паліцыі. Тая дзяўчына-сьведка таксама была ў паліцыі», — дадае ён.
Пацярпелы беларус ня ведае, ці атрымалася ідэнтыфікаваць нападнікаў. Сяргей пачаў здымаць інцыдэнт на свой тэлефон, але цяпер ён разьбіты, і паглядзець на ім нічога нельга. Суразмоўца спадзяецца аднавіць відэазапіс.
«Гэта мужчына 35-40 гадоў. Высокі, моцны. Яго ўвогуле не цікавіла, адкуль: зь Беларусі, з Чэхіі. Wyp...dalaj і ўсё», — кажа пра нападніка Сяргей.
Суразмоўца дадае, што паліцэйскія яго падтрымлівалі, сказалі, што будуць разьбірацца. Адзначылі, што ў тым сквэры, дзе адбылося нападзеньне, добрыя відэакамэры і што нападніка знойдуць.
Беларус прызнаецца, што яму цяпер страшна проста выходзіць на вуліцу, і ён задумаўся пра пераезд зь месца, дзе яны цяпер жывуць. Пелехаў заўважае, што ён амаль восем гадоў жыве ў Польшчы, але падобны выпадак здарыўся зь ім упершыню. Зь ягоных словаў ён досыць добра гаворыць па-польску, скончыў польскую школу для дарослых (szkola policealna), камунікуе з польскамоўнымі кліентамі. Але акцэнт у ягонай гаворцы ўсё адно чуваць.
Беларус заўважыў, што ў апошнія паўгоду выпадкаў нападзеньняў на беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы стала больш. З чым гэта зьвязана, ён ня ведае.
«Я думаю, трэба распаўсюджваць інфармацыю і прымаць нейкія сур’ёзныя заканадаўчыя захады», — адказвае ён, што можна зрабіць, каб спыніць выпадкі ксэнафобіі.
Свабода зьвярнулася ў варшаўскую паліцыю з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.
Гэта ня першы выпадак, калі палякі ў Польшчы нападаюць на беларусаў і ўкраінцаў. У апошні час пра такія сытуацыі стала часьцей чуваць. Сёлета ў ліпені сям’я палякаў зь дзецьмі напала на пару беларусаў у польскім Быдгашчы, абразілі іх, аплявалі і зьбілі мужчыну. У тым жа месяцы паляк напаў на беларуску Марыну Нікандрыну ў Варшаве, абражаў яе і ударыў яе ў твар.