Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Хрысьціянская візія».
Адзначаецца, што ў сувязі з гэтым старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Ёсіф Станеўскі накіраваў просьбу да Аляксандра Лукашэнкі аб «падаўжэнні дазволу на служэньне гэтых сьвятароў у Беларусі».
Называецца прозьвішча аднаго сьвятара з 11 – Раман Шульц, які служыў у Беларусі з 2007 года. Паведамляецца, што з ім ужо «разьвіталіся» 15 жніўня падчас імшы з нагоды сьвята Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў катэдральным касьцёле ў Магілёве.
«Гэты манах з ордэна дамініканцаў таксама не атрымаў дазволу на далейшую рэлігійную дзейнасьць у Беларусі і павінен пакінуць краіну ў бліжэйшыя дні, – гаворыцца ў публікацыі. – Амаль 15 гадоў ён быў адміністратарам парафіі сьвятога Казіміра і сьвятой Ядвігі ў Магілёве, праводзіў штогадовы Ружанцовы кангрэс, быў ініцыятарам іншых мерапрыемстваў, аўтарам публіцыстычных матэрыялаў у каталіцкай прэсе Беларусі».
Падкрэсьліваецца, што згаданая імша ў магілёўскім храме прайшла з удзелам апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Ігнацыа Чэфалія, Станеўскага і генэральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага.
28 траўня ў інтэрв’ю Vatican News Станеўскі заявіў пра недахоп каталіцкіх сьвятароў у краіне. Паводле яго слоў, кадравае пытаньне для касьцёла «застаецца вострым: колькасьць духавенства ў самой Беларусі паступова скарачаецца, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах».
У Магілёўскай вобласьці адзін сьвятар вымушаны абслугоўваць тры парафіі, «пераадольваючы сотні кілямэтраў», дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вызваленьне ксяндзоў — вынік дыпляматыі і Ватыкану, і Польшчы, і ЗША, — тэалягіня ВасілевічСытуацыя ўскладняецца і тым, што сьвятары з Польшчы, якія служылі дзесяцігоддзямі, усё часьцей не атрымліваюць дазволу на далейшую працу, адзначыў ён.
20 траўня «Хрысьціянская візія» паведаміла пра адмову беларускіх уладаў падоўжыць дазвол на далейшае служэньне ў Беларусі пяці каталіцкім сьвятарам і аднаму манаху Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства.
Раней стала вядома пра адмову дазволіць далейшае служэньне тром каталіцкім польскім сьвятарам у Віцебскай дыяцэзіі, да гэтага – двум сьвятарам у Пінскай дыяцэзіі.
Чаму гэта важна
- Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся аб грамадзка-палітычным крызісе, які ўзьнік на фоне сфальсіфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасьці сілавікоў у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, з прычыны чаго рэжым Лукашэнкі ўзмацніў кантроль рэлігійнай сфэры.
- У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна было забаронена праяўляць палітычную актыўнасьць не ў фарватэры ўладаў, была абвешчаная перарэгістрацыя.
- З пачатку восені 2020 года па канец красавіка 2026-га, паводле зьвестак «Хрысьціянскай візіі», з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася не менш за 93 хрысьціянскіх служыцелі, сярод іх 36 каталіцкіх.