Беларускі Жодзік і Ціманоўская заваявалі мэдалі чэмпіянату Эўропы ў лёгкай атлетыцы для Польшчы

Скакуха ў вышыню Марыя Жодзік са срэбным мэдалём чэмпіянату Эўропы ў Бірмінгеме. 15 жніўня 2026

Беларускія лёгкаатлеткі Марыя Жодзік і Крысьціна Ціманоўская, якія выступаюць за Польшчу, заваявалі мэдалі чэмпіянату Эўропы ў Бірмінгеме (Вялікая Брытанія). Жодзік здабыла срэбра ў скачках у вышыню, а Ціманоўская стала бронзавай мэдалісткай у эстафэце 4×100 мэтраў.

Марыя Жодзік у фінале пераадолела плянку на вышыні 1,95 мэтра і заняла другое месца. Пасьля гэтага беларуска паспрабавала ўзяць наступную вышыню, але ўсе тры спробы аказаліся няўдалымі. Золата заваявала ўкраінская рэкардсмэнка сьвету Яраслава Магучых.

Для 29-гадовай ураджэнкі Баранавічаў гэта другі запар срэбны мэдаль на галоўных міжнародных турнірах. У верасьні 2025 году Жодзік стала другой на чэмпіянаце сьвету ў Токіё. Тады яна ўсталявала асабісты рэкорд, пераадолеўшы вышыню 2 мэтры. Яе ўзнагарода аказалася адзіным мэдалём зборнай Польшчы на тым турніры.

Крысьціна Ціманоўская стала бронзавай мэдалісткай чэмпіянату Эўропы ў жаночай эстафэце 4×100 мэтраў. Золата ў гэтай дысцыпліне заваявала зборная Вялікай Брытаніі.

Для 29-гадовай ураджэнкі Клімавічаў гэта першы мэдаль дарослага чэмпіянату Эўропы і першая ўзнагарода такога ўзроўню пасьля пераходу ў зборную Польшчы. Раней Ціманоўская была срэбнай прызэркай моладзевага чэмпіянату Эўропы 2017 году ў бегу на 100 мэтраў, тады яна прадстаўляла Беларусь.

На цяперашнім чэмпіянаце Эўропы Ціманоўская таксама выступала ў бегу на 100 мэтраў. Яна дайшла да паўфіналу, дзе паказала вынік 11,44 сэкунды. У агульным заліку спартоўка заняла 23-е месца і ў фінал не прабілася.

Крысьціна Ціманоўская (першая зьлева) з партнэркамі па камандзе пасьля эстатнага фіналу. Бірмінгем, 15 жніўня 2026 году

Абедзьве спартоўкі раней прадстаўлялі Беларусь, але пасьля падзей 2020–2021 гадоў пераехалі ў Польшчу і атрымалі польскае грамадзянства.

Марыя Жодзік у 2020 годзе падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту, а пазьней асудзіла расейскую вайну супраць Украіны. З 2022 году яна жыве і трэнуецца ў Беластоку. У 2024 годзе Жодзік атрымала польскае грамадзянства і права прадстаўляць Польшчу на міжнародных спаборніцтвах.

Крысьціна Ціманоўская пакінула Беларусь пасьля скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіё ў 2021 годзе. Трэнэрскі штаб беларускай зборнай безь яе згоды паставіў бягуху на няпрофільную для яе эстафэту 4×400 мэтраў. Пасьля публічнай крытыкі гэтага рашэньня Ціманоўскую выключылі з каманды і паспрабавалі прымусова вывезьці ў Беларусь.

У аэрапорце Токіё яна адмовілася сядаць у самалёт і зьвярнулася па дапамогу да японскай паліцыі. Пазьней спартоўка вылецела ў Польшчу і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз магчымы перасьлед.

У 2024 годзе абедзьве беларускі выступілі за Польшчу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Жодзік з вынікам 1,83 мэтра заняла 28-е месца ў кваліфікацыі і не прайшла ў фінал. Ціманоўская не прабілася ў паўфінал бегу на 200 мэтраў, а польская каманда зь яе ўдзелам заняла 12-е месца ў эстафэце 4×100 мэтраў.