Ужо сёньня: гадавіна страйку ў менскім мэтрапалітэне

Менскае мэтро, ілюстрацыйнае фота

Падзеі 17 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

З 17 да 21 жніўня 1995 году ў Менску праходзіў страйк працаўнікоў мэтрапалітэну — сяброў Свабоднага прафсаюзу, якія дамагаліся паляпшэньня эканамічных умоваў працы. Страйк быў жорстка здушаны ўладамі, яго ўдзельнікаў на гады ўнесьлі ў чорныя сьпісы.

Машыністы, іхныя памочнікі й сьлесары вагоннага дэпо Менскага мэтрапалітэну пратэставалі супраць парушэньня кіраўніцтвам мэтро калектыўнай дамовы й тарыфнага пагадненьня. Перамовы з прадстаўнікамі ўладаў, якія зьявіліся ў дэпо, не далі плёну. Тады ўлады знайшлі штрайкбрэхераў — машыністаў электрычак Беларускай чыгункі й цягнікоў маскоўскага мэтро, якіх спэцыяльным авіярэйсам з расейскай сталіцы даставілі ў Менск. Падземны рух быў адноўлены, але страйк працягваўся.

Пазьней пачаліся арышты, суды, звальненьні. Шэраг удзельнікаў страйку апынуліся за кратамі. 56 чалавек звольнілі, і цягам гадоў яны не маглі ўладкавацца на працу. Пазьней адпомсьцілі астатнім: з розных прычынаў урэшце звольнілі некалькі соцень чалавек. 1995 год у Беларусі вызначыўся масавымі выступамі працоўных, якія перадусім патрабавалі падвышэньня заробкаў. Страйк на Менскім мэтрапалітэне быў задушаны асабліва жорстка і паказальна для іншых. Загад аб задушэньні страйку даў тагачасны міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мордай у асфальт»: міністар Захаранка падаўляе страйк на менскім мэтро

Гэты дзень у гісторыі

1655 — падпісаная Кейданская дамова паміж ВКЛ і Швэцыяй падчас 13-гадовай вайны. Ва ўмовах адначасовага наступу расейскіх і швэдзкіх войскаў частка шляхты ВКЛ прызнала пратэкцыю швэдзкага караля Карла X Густава. 20 кастрычніка ў Кейданах падпішуць унію з Швэцыяй, якая прадугледжвала разрыў дзяржаўнай сувязі ВКЛ з Польшчай.

1920 — у Менску пачаліся перамовы аб міры паміж Савецкай Расеяй і Другой Рэччу Паспалітай.

1962 — Усходненямецкія памежнікі забілі 18-гадовага Пэтэра Фэхтэра, які спрабаваў пераадолець бэрлінскую сьцяну. Паранены юнак амаль гадзіну заставаўся каля ўсходняга боку сьцяны без дапамогі і памёр ад страты крыві на вачах у людзей і рэпартэраў з заходняга боку. Ён быў 27-й па ліку «ахвярай бэрлінскай сьцяны». Усяго такіх ахвяр будзе як мінімум 140.

Памежнікі нясуць сьмяротна параненага Пэтэра Фэхтэра, 17 жніўня 1962

1980 — у польскім горадзе Гданьску працаўнікі суднавэрфі вывесілі на браме 21 патрабаваньне да ўладаў. Сярод патрабаваньняў было права на незалежныя прафсаюзы, страйк і свабоду слова.

1998 — расейскі ўрад абвясьціў дэфолт па фінансавых абавязаньнях.

2018 — выйшаў першы нумар часопіса „Наша гісторыя“.

2020 — звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы свабоды». Каля 50 актораў напісалі заявы на звальненьне.

2020 — журналісты газэты „Звязда“ ў сваім звароце патрабуюць спыніць цэнзуру і ў выпадку невыкананьня абяцаюць 20 жніўня пачаць страйк. Пад зваротам падпісаліся 50 чалавек.

2020 — у Беларусі практычна на ўсіх буйных прадпрыемствах ствараюцца страйкамы, патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі.

У гэты дзень нарадзіліся

1559Юры Алелькавіч, нашчадак Гедзіміна ў дзявятым калене, вайсковы, грамадзкі і культурны дзяяч ВКЛ. Уладальнік Слуцку, дзе ператварыў княскі двор у буйны культурны цэнтар.

1629Ян Сабескі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1857 Ян Цепляк, рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч Літвы і Беларусі.

1907 Зьдзіслаў Стома, беларускі актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі і СССР.

Зьдзіслаў Стома

1943 Робэрт Дэ Ніра, амэрыканскі актор.

1955 Алесь Жамойцін, беларускі паэт, загадчык музэя Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.

У памяці

1676 Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн, нямецкі пісьменьнік, аўтар папулярнага раману «Авантурнік Сімпліцысімус», аднаго з найвыбітнейшых твораў нямецкай літаратуры XVII ст.

1850Хасэ дэ Сан Марцін, кіраўнік вайны за незалежнасьць гішпанскіх калёніяў у Паўднёвай Амэрыцы.

1863 у двары Менскае турмы быў расстраляны Ян Жмачынскі, паўстанец Каліноўскага. Гэта да ягоных ног кінула кветкі праз закратаванае вакно камэры Каміла Дунін-Марцінкевіч, арыштаваная за ўдзел у паўстаньні дачка беларускага драматурга.