Руіны езуіцкага касьцёла ў Бабруйску аддалі набліжанаму да ўладаў бізнэсоўцу

Руіны касьцёла ў Бабруйску, фота — тэлеграм-канал «Спадчына»

Леташняй вясной у найстарэйшага будынка горада абвалілася сьцяна. А 30 верасьня помнік архітэктуры бязвыплатна перадалі ТАА «Эйчэмсі груп». Пра гэта стала вядома з адказу Міністэрства культуры, апублікаванага тэлеграм-каналам «Спадчына».

Новы ўласьнік абавязаны правесьці рамонт і рэстаўрацыю цягам трох гадоў. Сёлета ў сакавіку кампанія атрымала дазвол на навукова-дасьледчыя і праектныя работы для рэканструкцыі аб’екта. Ёй дазволілі зьмяніць прызначэньне будынка — да занядбаньня ў сьценах бажніцы была гаўпвахта.

Як выглядалі занядбаныя і пашкоджаныя пажарам муры езуіцкага касьцёлу напачатку 2013 году

Мураваную трохнефную базыліку ў стылі барока ўзьвялі ў Бабруйску ў 1745—1747 гадах паводле праекта знакамітага віленскага архітэктара Тамаша Жаброўскага. У комплексе быў калегіюм, бібліятэка і тэатар.

Аднак ужо ў першай палове XIX стагодзьдзя падчас будаўніцтва Бабруйскай крэпасьці расейскія ўлады карэнным чынам перарабілі храм пад цэйхгаўз, зьнішчыўшы фігурны франтон і дзьве вежы на галоўным фасадзе, — піша «Спадчына».

У савецкі час гістарычны абʼём выкарыстоўваўся як гаўптвахта — вайсковая турма.

Помнік архітэктуры, які афіцыйна ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, пустуе з пачатку нулявых, а пасьля моцных пажараў 2011 і 2012 гадоў яго фізычная дэградацыя набыла незваротны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Бабруйску разбураецца найстарэйшы будынак гораду

«Эйчэмсі груп» зьвязаная з блізкім да ўладаў бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым. Сярод іншага, гэтая юрыдычная асоба кантралюе турыстычнае агенцтвам Explora.

49-гадовы Аляксандар Зайцаў працаваў у камэрцыйных і дзяржаўных установах, у Дзяржсакратарыяце Рады бясьпекі, быў памочнікам прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага і Віктара Лукашэнкі. ЗША і ЭЗ ўвялі супраць яго санкцыі за сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. У складзеным «Ежедневником» рэйтынгу 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі 2019 году ён займаў 10-е месца, піша «Люстэрка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыі

Чаму гэта важна

За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.

Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гістарычны маёнтак ва Ўшацкім раёне, прададзены сёлета расейцу, зноў выставілі на аўкцыён