Дакладна невядома, сайт заблякавалі ўлады Беларусі ці ініцыятары яго стварэньня і дзейнасьці.
Апэратарам сайт быў пазначаны расейскі індывідуальны прадпрымальнік Данііл Радзівонаў. Ён зарэгістраваны ў Іркуцкай вобласьці і, згодна з адкрытай інфармацыяй, зьвязаны з вайскова-кадравым агенцтвам «Братский Синдикат», што займаецца падборам кандыдатаў на кантрактную службу ў расейскай арміі.
Пры гэтым сайт быў аформлены як беларускі і быў разьлічаны на беларускую аўдыторыю: апроч беларускай даменнай зоны, на ім публікавалі фота вайскоўцаў зь дзяржаўнай сымболікай Беларусі.
Ужо доўгі час абвесткі аб «працы» для грамадзян Беларусі, якія жадаюць ваяваць ва Ўкраіне на баку Расеі, можна было знайсьці ў тым ліку на беларускіх рэсурсах пошуку вакансіяў. Асабліва на тых, якія працуюць як агрэгатары абвестак з староньніх сайтаў, у тым ліку расейскіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусаў на расейскую вайну вэрбуюць ужо і ў зоне «БЕЛ»Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.