Гэты дзень у гісторыі
1483 — папа Сыкст IV асьвяціў Сыкстынскую капэлю ў Ватыкане і прысьвяціў яе Ўнебаўзяцьцю Найсьвяцейшай Панны Марыі.
1812 — у гарадах былога ВКЛ зь нечуваным размахам сьвяткуюць дзень нараджэньня Напалеона.
1913 — у Радашкавічах адбыўся першы паказ на беларускай зямлі знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала.
«Паўлінка» ў Купалаўскім тэатры ў Менску
1920 — польскія войскі пад Варшавай спынілі наступ Чырвонай Арміі і перайшлі ў наступ. Гэтую бітву ў Польшчы называюць «Цудам над Віслай», а 15 жніўня адзначаюць Сьвята Войска Польскага.
1945 — скончылася японскае каланіяльнае панаваньне над Карэяй, гэтую дату ў абедзьвюх Карэях адзначаюць як Дзень вызваленьня.
1947 — Індыя атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.
1969 — на адной з фэрмаў мястэчка Бэтэл штату Нью-Ёрк пачаўся адзін з самых знакамітых фэстываляў рок-музыкі Вудсток. Яго наведалі каля 400 тысяч чалавек. На фэстывалі выступілі The Who, Jefferson Airplane, Creedence Clearwater Revival, Grateful Dead і іншыя.
2020 — у Менску разьвіталіся з Аляксандрам Тарайкоўскім, забітым сілавікамі 10 жніўня. Шматтысячныя мітынгі прайшлі ў Горадні, Гомлі ды іншых гарадах.
У гэты дзень нарадзіліся
1728 — Станіслаў Чарневіч, дзяяч каталіцкага касьцёла. Ягонымі намаганьнямі Таварыства Ісуса (ордэн езуітаў), забароненае папам Рымскім, працягвала дзейнасьць у Расейскай імпэрыі.
1769 — Напалеон Банапарт, францускі імпэратар.
Імпэратар Напалеон Банапарт, карціна Жака-Люі Давіда
1771 — Вальтэр Скот, шатляндзкі пісьменьнік.
1780 — Ігнат Анацэвіч, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, дасьледчык гісторыі ВКЛ.
1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі паэт і журналіст. Ён дэбютаваў у друку ў 1856 годзе. Аўтар зборніка паэзіі «Чым хата багата, тым рада» (па-польску, 1857), паэмы «Таміла» (па-польску, 1858), таксама Каратынскаму прыпісваюць ананімныя антыцарскія творы «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка суседзяў». Зь беларускамоўных твораў захаваліся вершы «Уставайма, братцы, за дзела, за дзела», «Далі бог-то, Арцём…», «Туга на чужой старане».
1905 — Ільля Некрашэвіч, беларускі фізык, адзін з заснавальнікаў навуковай тэорыі фізыкі плязмы.
1923 — Шымон Пэрэс, ізраільскі палітык і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, ураджэнец Вішнева на Валожыншчыне.
Шымон Пэрэс наведвае магілу свайго прадзеда ў Валожыне
1927 — Аляксандар Крывіцкі, мовазнавец.
1960 — Ігар Варашкевіч, беларускі музыка, лідэр гуртоў «Бонда» і «Крама».
У памяці
1382 — у Крэўскім замку быў задушаны Кейстут, вялікі князь літоўскі.
1721 — Крыштап Станіслаў Завіша, ваявода менскі, пісьменьнік і мэмуарыст. Фундатар капліцы Сьвятога Фэліцыяна ў касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі пры калегіюме езуітаў у Менску, дзе і пахаваны.
1845— Зыгмунд Глёгер, археоляг, этнограф, гісторык, фальклярыст.
15 жніўня 1972 году ў цэнтры Менску пры нявысьветленых абставінах ударам нажа быў забіты Лявон Баразна, беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дасьледчык культуры, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–70-х гадоў.
Ён стварыў шэраг альбомаў, прысьвечаных народнаму адзеньню і беларускім арнамэнтам, і, па сутнасьці, заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касьцюму і «апрануў» дзясяткі фальклёрных ансамбляў. Ягоная кніга «Гравюры Францыска Скарыны» стала надзвычай важкім унёскам у «скарыніяну». Баразна не дачакаўся выхаду кнігі ўсяго некалькі дзён, нясшытыя аркушы манаграфіі паклалі яму ў труну.
Менавіта Лявон Баразна разам зь Зянонам Пазьняком распачаў змаганьне з заплянаваным уладамі зьнішчэньнем старажытнай менскай вуліцы Нямігі. Артыкул у яе абарону сябрам удалося надрукаваць у галоўнай савецкай газэце «Правда».
1985 — Часлаў Будзька, беларускі эміграцыйны дзяяч, гісторык, настаўнік.
1988 — Мікола Дварэцкі, дзяяч беларускай хадэцыі, паэт і празаік.