Пра гэта заявіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай, перадае БелТА.
«Мы ўзмацнілі практычны складнік. Для дзесяціклясьнікаў-юнакоў у праграму ўключаны 10-гадзінны курс па вывучэньні і навыках кіраваньня бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі.
У дзяўчат істотна пашыраны практычны блёк па мэдычнай падрыхтоўцы — укаранёныя элемэнты тактычнай мэдыцыны.
Мы зьмянілі балянс у бок практычных заняткаў і павялічылі іхны аб’ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах», — сказаў намесьнік міністра.
Ён высока ацаніў досьвед правядзеньня 10-дзённых палявых збораў для дзесяціклясьнікаў. І асабліва адзначыў супрацу зь менскай вайсковай часткай 5448, дзе месьціцца міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў.
«Сваю задачу мы бачым у тым, каб максымальна пашырыць гэты досьвед на ўсю Беларусь», — заявіў намесьнік міністра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У беларускай адукацыі расьце ідэалягічны кантроль і ўплыў расейцаў, — дасьледаваньнеЧаму гэта важна
Пасьля 2020 году ў Беларусі інтэнсыфікуецца працэс мілітарызацыі адукацыі. Сёлета сталі абавязковымі 10-дзённыя навучальна-палявыя зборы для вучняў 10-х клясаў.
У дзіцячых садках адкрываюць групы «вайскова-патрыятычнай» накіраванасьці, а ў школах і каледжах — «вайскова-патрыятычныя» клюбы.
Аналітык Валер Карбалевіч бачыць у гэтым спробу дзяржавы выхаваць паслухмяных грамадзян.
«У недэмакратычнай дзяржаве ваенізаваныя структуры — гэта такія інстытуцыі, дзе людзей прывучаюць да падпарадкаваньня, дзе ёсьць жорсткая герархія, дзе трэба вельмі хутка і дакладна выконваць любыя загады, не задумваючыся пра іх сэнс. Пасьля такой школы паслухмянасьці чалавек будзе схільны баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, слухацца любой улады.
Ідэальны варыянт любой дыктатуры — гэта калі ўся краіна нагадвае адну вялікую казарму, дзе ўсе ходзяць шыхтом, усе падпарадкоўваюцца, ніхто не задае непатрэбных пытаньняў», — піша Валер Карбалевіч.