Часопіс Time зьмясьціў на вокладцы беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку

Арына Сабаленка падчас матчу з Кацярынай Аляксандравай на турніры National Bank Open 8 жніўня ў Таронта. (Сабаленка ў выніку прайграла). Фота — John E. Sokolowski / Imagn Images.

Часопіс Time зьмясьціў на вокладцы беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку і прысьвяціў ёй вялікі артыкул.

Яна стала першай жанчынай-беларускай на вокладцы амэрыканскага выданьня за яго больш як стагадовую гісторыю, калі не лічыць народжаных у Беларусі Марка Шагала і Мэнахэма Бегіна.

У чэрвені Time ужо ўключыў Сабаленку ў сьпіс «100 самых уплывовых людзей у спорце» ў разьдзеле «Лідэры».

У артыкуле шмат гаворыцца пра посьпехі і няўдачы Сабаленкі, ейнае спартовае і асабістае жыцьцё. Не абмінаецца і тэма вайны і палітыкі.

У прыватнасьці, Сабаленка расказала, што пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ў 2022 годзе «некаторыя ўкраінскія трэнэры казалі мне сапраўды вельмі, вельмі, вельмі злыя рэчы».

«Я не хачу гэта паўтараць. Гэта было настолькі жахліва, што засела ў мяне ў галаве, і я плакала гістэрычна».

Сабаленка паўтарыла, што хоча міру і не падтрымлівае вайну: «Ніхто не падтрымлівае. Гэта ж відавочна».

На пытаньне, ці падтрымлівае яна аўтарытарнага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, саюзьніка прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Сабаленка адказала: «Я не хачу пра гэта гаварыць».

Арына Сабаленка — беларуская прафэсійная тэнісістка, нарадзілася ў Менску ў 1998 годзе. Яна займае першае месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай асацыяцыі тэнісу WTA. Сабаленка чатыры разы перамагала на турнірах «Вялікага шлема»: на Australian Open у 2023 і 2024 гадах і на US Open у 2024 і 2025 гадах.

Time — аўтарытэтны амэрыканскі часопіс, які выходзіць ужо больш за сто гадоў. Вядомы сваім выбарам «Чалавека году», а таксама сьпісам ста самых уплывовых людзей сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сабаленка хоча застацца сваёй і тут, і там». Цыганкоў тлумачыць, чаму Сабаленка не сустрэлася з Лукашэнкам