Пуцін прыгразіў «люстэркавымі захадамі» ў адказ на затрыманьні караблёў расейскага ценявога флёту

Уладзімер Пуцін на сустрэчы з вайскоўцамі Ціхаакіянскага флёту

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 12 жніўня заявіў, што Масква будзе «люстэркава» адказваць на затрыманьні расейскіх гандлёвых суднаў іншымі краінамі, у прыватнасьці краінамі Эўразьвязу.

На сустрэчы з вайскоўцамі Ціхаакіянскага флёту, якая прайшла на Сахаліне, Пуцін назваў захоп суднаў, што належаць да так званага ценявога флёту Расеі, «разбоем і пірацтвам» і падкрэсьліў, што Расея «будзе вымушаная адказваць люстэркава», перадае ТАСС.

Прычым, паводле яго, не абавязкова ў тых акваторыях, дзе «захопліваюць судны», а «там, дзе ўжо мы самі палічым патрэбным і мэтазгодным».

Сёньня ж МЗС Расеі прыгразіла Эўразьвязу «вялікімі небясьпекамі» за тое, што той дазволіў сваёй місіі IRINI затрымліваць замежныя танкеры ў Міжземным моры. Вайсковая місія IRINI з 2020 году пільнуе, каб ніхто не парушаў эмбарга ААН на пастаўкі ў Лібію зброі.

Гаворка ідзе пра судны, якія ў Брусэлі адносяць да так званага ценявога флёту Расеі. Гэта судны пад сьцягамі трэціх краін, якія ажыцьцяўляюць перавозкі ў інтарэсах Расеі. Многія зь іх былі ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы заходніх краін, бо самі лічацца інструмэнтам абыходу санкцыяў.

Паводле Reuters, што ад пачатку 2026 году ў Эўропе затрымалі дзевяць такіх танкераў, чатыры зь іх — у Францыі. Як правіла, на кампаніі — уладальніцы суднаў накладаюць штрафы, а самі судны адпускаюць.

Аднак у ЭЗ існуе і мэханізм канфіскацыі грузу затрыманых суднаў. Украіна, з свайго боку, заяўляе, што судны расейскага ценявога флёту могуць разглядацца як законныя вайсковыя цэлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў аб пасьпяховым ракетным удары па расейскай вайскова-марской базе ў Новарасійску

Чаму гэта важна?

Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт. «Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.