Забалочваньне, сьледавыя палосы, і мацаваньні для выбуховак пад мастамі. У Літве вырашылі, як далей умацоўваць мяжу зь Беларусьсю

Усталяваньне «зубоў цмока» ў літоўскім пункце пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Літоўскі ўрад падтрымаў прапанаваныя Міністэрствам абароны меры для ўскладненьня доступу патэнцыйнага праціўніка на літоўскую тэрыторыю.

На мяжы ўзьвядуць адмысловыя палосы інжынэрных сродкаў і адновяць балоты.

Да канца 2028 году пры мяжы зь Беларусьсю створаць паласу зямлі шырынёй ад 20 да 150 мэтраў. А таксама 50 новых паркаў інжынэрных сродкаў вайсковай контрамабільнасьці.

Да канца 2030 году забалоцяць прыдатныя для гэтага ўчасткі мяжы. Чакаецца, што за некалькі гадоў яны стануць цяжкапраходнымі для вайсковай тэхнікі.

На галоўных дарогах і перад мастамі расставяць рэзэрвовыя перашкоды.

Масты ж абсталююць канструкцыямі для мацаваньня выбуховых рэчываў, каб пры патрэбе ўзарваць іх.

Гэтак жа ўмацуюць і літоўскую мяжу з Калінінградзкай вобласьцю Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памежная служба Ўкраіны расказала аб стварэньні «кіл-зоны» на мяжы зь Беларусьсю

Чаму гэта важна

У праекце Стратэгіі нацыянальнай бясьпекі Літвы гаворыцца, што экзыстэнцыйную пагрозу для краіны ўяўляе Расея. Праганзуецца, што да канца 2030 году яна зможа разьвіць патэнцыял для вайны з NATO. Беларусь жа можа быць выкарыстана Расеяй для зьнешняй агрэсіі, як гэта ўжо было ў вайне з Украінай.

У дзейнай жа на сёньня Стратэгіі, прынятай у 2021 годзе, гаворыцца, што пагрозу Літве стварае варожасьць аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў Беларусі і ягоныя правакацыі супраць заходніх суседзяў. А таксама ўплыў на Беларусь Расеі і вайсковая інтэграцыя зь ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пантоны, равы і «зубы цмока». Як Латвія зьмяніла сваю мяжу зь Беларусьсю за апошнія тры гады