Былога прэзыдэнта Сырыі Башара Асада на радзіме прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня, паведаміла агенцтва SANA.
Асада прызналі вінаватым у наўмысным забойстве, учыненым з намерам прычыніць шкоду больш чым аднаму чалавеку, у тым ліку дзецям, а таксама ў злачынствах, зьвязаных з катаваньнямі, адвольнымі затрыманьнямі і злачынствамі супраць чалавечнасьці, пішуць журналісты са спасылкай на суд.
Таксама, як піша Reuters, сьмяротны прысуд вынесены яшчэ шэрагу дзеячаў старой улады, у тым ліку брыгаднаму генэралу і стрыечнаму брату Асада Атэфу Наджыбу, якога затрымалі ў 2025 годзе. Сьмяротны прысуд вынесьлі яшчэ семярым фігурантам справы.
У Сырыі дзейнічае сьмяротнае пакараньне, новыя ўлады яго не скасоўвалі.
Адразу пасьля таго, як паўстанцы перамаглі войскі тагачаснага ўраду ў баях і ўзялі сталіцу краіны Дамаск, яны заяўлялі пра тое, што будуць расьсьледаваць злачынствы дыктатуры Асадаў. З турмаў былі вызваленыя тысячы чалавек, якія перабывалі там з палітычных меркаваньняў, многія гадамі ня мелі сувязі са сваякамі.
Самога Башара Асада сталі шукаць адразу, аднак стала вядома, што ён уцёк з краіны ў Расею, якая была ягоным хаўрусьнікам.
Перад тым Сырыя перажыла працяглую грамадзянскую вайну, дзе адразу некалькі сілаў змагаліся адна супраць адной.
З 2011 году ў выніку пачатку вайны Сырыя дэ-факта падзялілася на некалькі частак. Усход краіны кантралявалі курдзкія паўстанцы, якія змагаюцца з незалежны Курдыстан, паўночны захад — апазыцыйныя пратурэцкія сілы. Астатнюю тэрыторыю ўрад Асада. Цэнтрам супрацьстаяньня ўрадавых войскаў і групаў узброенай апазыцыі надоўга стаў горад Алепа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Reuters: урад зрынутага прэзыдэнта Сырыі Асада таемна перамясьціў брацкую магілу, каб схаваць масавыя забойствы. ФОТАСырыя пасьля Асада
8 сьнежня 2024 году ў Сырыі паў рэжым Асадаў. Да ўлады прыйшла пратурэцкая ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнаю у ЗША, Эўразьвязе і іншых краінах. Яе лідэр Ахмэд аш-Шараа стаў фактычным кіраўніком дзяржавы.
Былы прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк у Расею, дзе разам зь сям’ёй атрымаў прытулак. Цяперашняе кіраўніцтва Сырыі ўжо даслала ў Маскву запыт на выдачу былога дыктатара, але марна.
У сакавіку 2025 году ў Сырыі прызначылі новы ўрад, у склад якога ўвайшлі нацыянальныя меншасьці, у тым ліку курды.
У сярэдзіне сакавіка 2025 году аш-Шараа падпісаў часовую канстытуцыйную дэклярацыю. Яна будзе дзейнічаць цягам пераходнага пэрыяду. У дакумэнце гаворыцца, што асновай сырыйскага заканадаўства мусіць стаць ісламскае права. Разам з тым у дакумэнце зафіксаваныя гарантыі захаваньня правоў жанчын, свабоды слова і прэсы.
Пасьля прыходу да ўлады аш-Шараа лідэры заходніх краін сталі казаць аб магчымым зьняцьці санкцыяў з Сырыі — пры ўмове захаваньня правоў чалавека разам з рэлігійнымі і этычнымі свабодамі.
У пачатку сакавіка 2025 году ў Сырыі адбылося паўстаньне алавітаў — прадстаўнікоў арабскай меншасьці, да якой належыць клан Асадаў. Паводле зьвестак Сырыйскага цэнтру маніторынгу выкананьня правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, загінулі каля тысячы мірных жыхароў.
Дзейныя ўлады Сырыі заявілі, што ў час паўстаньня зьліквідавалі рэшткі рэжыму Асада ў правінцыях Латакія і Тартус. Краіны Захаду запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у масавых забойствах алавітаў.