Віцеблянін Яўген Гуцалаў праславіўся яшчэ да падзей 2020 году. СМІ напісалі пра яго ў 2019, калі Яўген за 10 дзён прабег Беларусь з поўначы на поўдзень, адолеўшы 650 кілямэтраў. Падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га ён быў затрыманы, перабраўся ў Турэччыну.
Пазьней была заведзеная на радзіме крымінальная справа за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу), праца валянтэрам у Турэччынеі на ліквідацыі наступстваў землятрусу 2023 году, затрыманьне ў Армэніі праз абвешчаны ў Беларусі вышук.
Вясной 2024 году Яўген выправіўся ў вялікае пешае падарожжа зь Вены ў Стамбул гістарычным шляхам султана Сулеймана. На 2500 кілямэтраў. Цяпер у яго новае вялікае падарожжа — пешы маршрут шляхамі пілігрымаў з Варшавы да гішпанскага Сант’яга-дэ-Кампастэля. Паразмаўляць з Яўгенам няпроста. Ён хоць і актыўна «адпісваецца» у сацсетках аб сваіх прыгодах, але тэлефон на маршруце трымае збольшага «ў рэжыме палёту».
«Душ у мяне кожны вечар — рэчка, кран з вадой»
«Я зараз іду па Ўроцлаве (мы размаўляем увечары пятніцы 7 жніўня — РС), начаваць буду з камфортам у знаёмых, — расказвае Яўген. — Зрабіў сторыс, вельмі багата было прапановаў. Я там расьпісаў, куды іду. Але я даўно дамовіўся ў гэтага чалавека начаваць, яшчэ калі выходзіў з Варшавы»
Яўген гаворыць, што за два тыдні падарожжа гэта будзе яго першы цалкам камфортны начлег. Звычайна ён сьпіць у намёце, даводзілася начаваць пры касьцёлах у прытулках для пілігірымаў. Вандроўнік кажа, што там таксама было камфортна, але звычайна там няма бялізны і іншых выгодаў — толькі матрацы і ложкі.
«Ці меў я душ за гэтыя два тыдні дарогі? Душ у мяне кожны вечар — рэчка, кран з вадой, — ці то сур’ёзна кажа, ці то жартуе Яўген. — Усё нармальна з гэтым».
З Варшавы да гішпанскага гораду Сант’яга-дэ Кампастэля Яўген вырушыў два тыдні таму. Шлях ідзе не па простай лініі ці па найбольш хуткім маршруце, а пакручаста віхляе з гораду ў горад і ад сьвятыні да сьвятыні. Таму з Варшавы да Ўроцлаву прыйшлося ісьці два тыдні з заходам у Чанстахову і іншыя месцы. У дзень, кажа Яўген, атрымліваецца «зрабіць» каля 35-40 кілямэтраў.
«Польшча, Нямеччына, Бэльгія, Францыя і Гішпанія, — коратка апісвае ён свой маршрут. — Гэты шлях ёсьць ня толькі ў Гішпаніі і Партугаліі. Гэта сетка хрысьціянскіх маршрутаў па ўсёй Эўропе. Былі б нармалёвыя ўмовы, такі шлях і ў Беларусі быў бы. І яго б аб’ядналі з эўрапейскімі. Гэта шляхі каталіцкіх пілігрымаў. І ўсе яны вядуць да касьцёла сьвятога Якуба ў Сант’яга».
Свой шлях Яўген спадзяецца прайсьці прыкладна за 120 дзён. Па дарозе вандроўнік стараецца адпачываць, каб хапіла сілаў на ўвесь маршрут.
«Звычайна гадзіну іду і хвілін дзесяць пасьля адпачываю, — расказвае Гуцалаў. — Выходжу ў восем раніцы. Максымум у 8.30. А палове на другую абед — адпачываю паўтары гадзіны, магу паспаць крыху. І пасьля іду далей. 35-40 кілямэтраў у дзень стабільна праходжу. Часьцей за ўсё 40. Нават больш можа быць».
«Калі прыцісьне, то нешта знойдзецца»
Маршрут, якім ідзе Яўген, ужо абазначаны, яму не трэба шукаць дарогу самому. З Варшавы да Чанстаховы ён кіраваўся так званай «Варшаўскай сьцежкай», пасьля перайшоў на «Чанстахоўскую», цяпер ідзе па ўчастку Via Regia, які пракладзены ад беларускай мяжы да нямецкага Гёрліца.
«Зараз лета, пілігрымаў на сьцежцы вельмі багата, — расказвае Яўген. — Асабліва каля сьвятыняў. У Чанстахове шмат было. Пасьля Чанстаховы я сустрэў пані, пазнаёміўся зь ёй. Яна таксама ідзе з Варшавы да Сант’яга і яшчэ ідзе не адна, а з сабакам. Доўга мы не размаўлялі, перакінуліся парай словаў. Ну і ўсё. Сказала: „Можа яшчэ і пабачымся“. Я абагнаў яе, мабыць яна мяне не дагоніць ужо».
Яўген Гуцалаў у дарозе. Скрыншот з відэа ў Instagram
Чаму людзі выбіраюцца ў такі шлях? Яўген кажа, што ня можа адказваць за іншых. Дапускае, што хтосьці ідзе з рэлігійным падтэкстам, нехта можа кіравацца ўласнымі мэтамі.
У самога Яўгена няма сталага месца жыхарства, здымнай кватэры і пастаяннай працы з дамовай. Усе ягоныя рэчы зьмясьціліся ў валізку, пакінутую ў сяброў. І тое там збольшага рыштунак, патрэбны для зімовых вандровак. З сабой беларускі вандроўнік мае спальны мяшок, намёт, трэкінгавую палку, якую таксама выкарыстоўвае падчас уладкаваньня намёту. Яшчэ газавая гарэлка, газавы балён, кубак, лыжка, іншыя дробязі. З вопраткі Яўген узяў мэмбранную куртку, пуховую камізэльку, цішоткі, шкарпэткі.
«Падарожжа я на тэлефон здымаю, дрон маю таксама, — кажа Яўген. — Абутак у мяне трэкінгавы, адмысловыя красоўкі, у якіх я ледзь не забіўся ў гарах у Турэччыне. Зараз у іх іду, пакуль не разваліліся. Разваляцца, набуду новыя».
Як шмат каштуе такое падарожжа і адкуль сродкі на тое, каб тры месяцы не працаваць, а проста ісьці пешшу ў Гішпанію?
«У мяне кішэні зараз на самой справе 200 эўра, — кажа Яўген. — Скончацца грошы, тады буду думаць. Тады і пачнецца сапраўднае падарожжа і прыгоды. Можна ж будзе і папрацаваць недзе, я ўжо меў такі досьвед. Калі прыцісьне, то нешта знойдзецца. Час ад часу фаловеры данаты закідваюць. На Patreon платную падпіску аформіў. Там дзялюся досьведам сваім з людзьмі. Вялікіх спонсараў у мяне зараз нікога няма».
Яўген кажа, што вырушыць у падарожжа ня так і складана. Калі зьявілася такое жаданьне, трэба адразу ісьці. Бо жыцьцё на самой справе не такое працяглае, як можа падавацца.
«Хочаш вандраваць? Вандруй, — гаворыць Яўген. — Хочаш навучыцца нечаму новаму — навучыся. Не адкладай. Сам я не прымаю блізка да сэрца, што пра мяне кажуць іншыя. Не зьвяртаю на гэта такой увагі, як 10-15 гадоў таму. Іншае меркаваньне, злыя языкі — мне гэта ўсё адно неяк».
Ці хочацца Яўгену дадому падчас такіх працяглых вандровак? ЦІ стамляюць яго падарожжы?
«Ведаеце, дома ж зараз як бы і няма, — гаворыць вандроўнік. — Дом зараз у сэрцы. Як далей будзе, хто яго ведае. Спадзяюся, што некалі змагу вярнуцца. Пайду тады да Беларусі пешшу. А можа і на ровары, паглядзім. Усё будзе залежаць ад таго, дзе я буду на той момант знаходзіцца».
Яўген прызнаецца, што пакуль не ведае, што будзе рабіць у Сант’яга, калі туды дойдзе. Кажа, што нават ня думаў пра гэта. Канчатковы пункт маршруту — галоўны сабор у горадзе, а там паглядзіць. Што далей у будучыні, якія пляны?
«Мару пра маршрут Pacific Trail, — кажа Яўген. — 4500 тысячы кілямэтраў на захадзе ЗША ад Мэксікі да Канады. Маршрут у Японіі праз 88 храмаў, 1500 кілямэтраў. Хачу вось гэта прайсьці».