Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які ўносіць зьмяненьні ўва Ўказ ад 9 жніўня 2011 году № 348 «Аб мерах арганізацыі збору, захоўваньня неэксплютаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі».
Дакумэнт, як паведамляюць у ягонай прэс-службе, накіраваны на «скарачэньне праблемных пытаньняў, зьвязаных зь безгаспадарным транспартам, спрашчэньне працы выканкамаў і ўпаўнаважаных імі арганізацый у гэтым напрамку».
Згодна з новым дакумэнтам, да неэксплюатаваных транспартных сродкаў зараз аднесеныя няспраўныя самаходныя машыны (трактары і аналягічная тэхніка), пакінутыя па-за прыдамавымі ўчасткамі прыватных дамоў стаянак.
Правам на правядзеньне работ з кінутым транспартам надзялілі арганізацыі, упаўнаважаныя выканкамамі. Ім разам з выканкамамі далі магчымасьць атрымліваць зьвесткі пра асобаў, якія раней мелі непасрэднае дачыненьне да кінутай тэхнікі: страхавалі яе, вазілі на тэхагляд, плацілі штрафы і маглі быць яе ўласьнікамі.
Зьвесткі пра гэтых асобаў спатрэбяцца для накіраваньня ім паведамленьняў пра тэхніку.
Тэрмін падачы ў суд заявы аб прызнаньні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасьць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі скарацілі: раней такі тэрмін складаў 30 дзён, а цяпер будзе толькі 10 дзён.
Што гэта значыць?
Новыя захады істотна скарачаюць час, за які ўладальнік дакумэнтаў на транспартны сродак павінен заявіць пра прычыны невыкарыстаньня свайго транспарту. Калі раней ён меў цэлы месяц на такой апавяшчэньне афіцыйных установаў, дык цяпер гэта толькі паўтара тыдні.
Раней ніякіх іншых устаноў ва ўказе не было, выяўляць неэксплюатаваны аўтамабіль і шукаць яго ўласьніка мог толькі мясцовы выканкам пры дапамозе ДАІ. А тады ўласьніку выстаўлялі патрабаваньні пра прывядзеньня аўтамабіля ў належны стан альбо яго перамяшчэньня.
Прымусовае перамяшчэньне на ахоўную стаянку адбывалася ў тым выпадку, калі ўласьніка адшукаць не ўдавалася. І толькі пазьней суд мог разгледзець і прызнаць траспартны сродак безгаспадарным.