Раней Міцкевіч была першай намесьніцай прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы і адказвала за пытаньні гендэрнай роўнасьці, правоў жанчын і ЛГБТК+ людзей. У інтэрвію Свабодзе яна расказала, ці зьменіцца праца прадстаўніцтва, якія новыя напрамкі яно плянуе разьвіваць і чаму лічыць сябе «некамфортнай фэміністкай».
— Як паступіла гэтая прапанова? Што стаіць за такой перастаноўкай: Вольга Зазулінская едзе ўзначаліць місію дэмсілаў ва Ўкраіну, а вы становіцеся прадстаўніцай па сацыяльных пытаньнях?
— Калі Сьвятлана Шаціліна падала ў адстаўку і сказала, што сыходзіць, пачаліся пошукі чалавека, які можа заняць яе месца. Вольга вельмі шмат працуе з украінскімі пытаньнямі і з Украінай, добра ведае гэтую тэму. Я ведаю, што яна была вельмі рада магчымасьці пераехаць ва Ўкраіну і працаваць там, таму яе кандыдатура разглядалася ў першую чаргу.
Мая кандыдатура таксама была прыярытэтнай, таму што я ўжо два гады працую ў камандзе прадстаўніцтва як першая намесьніца. Увесь гэты час я адказвала за пытаньні гендэрнай роўнасьці, уразьлівых групаў, правоў жанчын і ЛГБТК+ людзей. Але мы з Вольгай працавалі разам і па іншых напрамках, таму я вельмі добра ведаю гэтую працу.
Мае каляжанкі з Фэмгрупы, калі даведаліся пра гэта, жартавалі, што нарэшце гэта здарылася. Таму што тры гады таму, калі было створана прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, розныя арганізацыі і людзі — ня толькі Фэмгрупа — падпісвалі ліст да Сьвятланы Ціханоўскай, Офісу і Кабінэту з просьбай прызначыць мяне на гэтую пасаду. Тады гэтага не атрымалася, але атрымалася цяпер. Мне падаецца, што гэта вельмі натуральна і лягічна.
— Калі Вольга Зазулінская прыйшла на гэтую пасаду, яна казала, што яе папярэдніца Вольга Гарбунова была сканцэнтраваная пераважна на праблеме палітвязьняў, а прадстаўніцтва пачало займацца больш шырокім колам сацыяльных пытаньняў. Чым будзе адрозьнівацца праца пад вашым кіраўніцтвам? Якіх напрамкаў стане больш?
Юлія Міцкевіч
— Я ня думаю, што праца вельмі моцна зьменіцца, таму што мы вялі яе разам. Тыя напрамкі, якія ёсьць цяпер, будуць працягвацца: мэдыцына і ахова здароўя, украінскі кірунак, уразьлівыя групы, гендэрная роўнасьць, палітзьняволеныя.
Але некаторыя напрамкі, магчыма, будуць больш развівацца. Я б асабліва адзначыла працу з арганізацыямі, якія займаюцца рознымі сацыяльнымі тэмамі. Напрыклад, падчас Канфэрэнцыі «Новая Беларусь», ведаючы, што я буду займаць гэтую пасаду, да мяне падыходзілі людзі і прапаноўвалі розныя кірункі дзейнасьці. І гэта вельмі файна.
У нас нарэшце зьявіўся валянтэр, які будзе больш займацца пытаньнямі ЛГБТК+ і сувязямі з квір-арганізацыямі. Мы і раней працавалі па гэтай тэме, але цяпер супрацоўніцтва стане больш шчыльным.
Таксама зьявіцца наўпроставы канал камунікацыі, куды людзі змогуць зьвяртацца. Сацыяльная палітыка — гэта пра тое, каб зрабіць жыцьцё лепшым, асабліва жыцьцё людзей з рознымі ўразьлівасцямі. Гэта можа быць сэксуальная або гендэрная ідэнтычнасьць, захворваньне, інваліднасьць, узрост. Розныя людзі сутыкаюцца з рознымі праблемамі, і мы хочам больш працаваць з гэтымі пытаньнямі.
Напрыклад, мая былая каляжанка прапанавала ўзяць на сябе кірунак працы з жанчынамі 40–45+. Гэта жанчыны, якія ў міграцыі маюць вялікі прафэсійны досьвед, кампэтэнцыі і экспэртызу, але праз розныя абставіны вымушаныя працаваць, напрыклад, у крамах ў Польшчы ці Літве, таму што ня ведаюць, як прымяніць у эміграцыі свой назапашаны ў Беларусі досьвед. Гэта вельмі цікавы кірунак, зь якім мы будзем працаваць.
Больш шчыльна мы таксама будзем працаваць з прафсаюзамі і «Рабочым рухам». Я заўсёды была амбасадаркай працоўных пытаньняў, таму што сама я з працоўнай сям’і з Наваполацка. Гэта мой бэкграўнд — горад, як любяць жартаваць, з адной вуліцай Маладзёжнай і адным заводам «Нафтан». Таму гэта будзе асобны і, я думаю, больш узмоцнены напрамак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Жанчыны добрыя на доўгіх дыстанцыях». Як зьмянілася роля жанчын у палітыцы пасьля 2020 годуМы таксама працягнем працу ў сфэры правоў людзей з інваліднасьцю і рэформы адпаведнага заканадаўства для будучай дэмакратычнай Беларусі. Будзем разьвіваць і напрацоўкі, якія ўжо былі ў нас з арганізацыямі, што працуюць з людзьмі сталага ўзросту.
Але трэба разумець, што чалавечыя і фінансавыя рэсурсы, асабліва ў палітычных структурах, вельмі абмежаваныя. Зь іншага боку, я чалавек каманднай працы і маю ўжо добрыя стасункі з міжнароднымі партнэрамі. Дзякуючы гэтай працы нам удалося істотна прасунуць пытаньне гендэрнай роўнасьці ў дэмакратычных сілах.
Напрыклад, на цяперашняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» гэтыя пытаньні ўздымаліся тройчы. Гэта адбылося ўпершыню. І гэта дасягненьне маё асабістае, каманды прадстаўніцтва і ўсіх каляжанак з Фэмгрупы і фэміністычнай супольнасьці, з якімі мы працуем.
Але гэтая праца патрабуе заўсёды вельмі моцна штурхаць тэму наперад, таму што ёсьць людзі, у тым ліку мужчыны, якія гэтым незадаволеныя і перашкаджаюць. Я ведаю, што ня ўсе задаволеныя тым, што я прыйшла ў АПК на гэтую пасаду, нават у самім Кабінэце і Каардынацыйнай радзе. Я такая некамфортная фэміністка, якая, як яны думаюць — і ў гэтым яны маюць рацыю, — будзе працягваць уздымаць гэтыя пытаньні.
— Ці захаваецца асобная пасада намесьніцы, якая будзе займацца гэндэрнымі пытаньнямі, ці цяпер гэта стане часткай вашых абавязкаў?
— Гэта вельмі важнае пытаньне. Пакуль гэта будзе часткай маёй адказнасьці і майго напрамку дзейнасьці. Таксама я працягваю на палітычным узроўні займацца тэмай палітзьняволеных, якая была адным з асноўных напрамкаў працы Вольгі. Але ў мяне ёсьць пляны знайсьці намесьніцу, якая будзе займацца гендэрнымі пытаньнямі, і яшчэ адну намесьніцу — па пытаньнях палітзьняволеных.
І тут будзе важная зьмена. Упершыню мы будзем шукаць гэтых намесьніц не праз прызначэньне, як гэта было раней, а праз адкрыты конкурс. Ён, я думаю, зьявіцца вельмі хутка. Мы будзем шукаць людзей, якія самі захочуць прыйсьці ў кабінэт, запоўняць заяўку і дашлюць свае рэзюмэ. Гэта будзе празрысты адбор, таму што празрыстасьць і палітычная адказнасьць — каштоўнасьці, якія для мяне маюць вельмі вялікае значэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жаночую прэмію імя Ганны Кляйн прысудзілі беларускам Дар’і Афанасьевай, Ірыне Альхоўцы і Юліі Міцкевіч— Раскажыце пра свой шлях. Зь якіх сфэр дзейнасьці вы прыйшлі ў палітыку і ў прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту?
— Я пачынала як журналістка і працавала ў журналістыцы 15 гадоў, у прыватнасьці ў кампаніі «БелаПАН». Я была адной з першых журналістак, якія пачалі распавядаць у мэдыя пра фэмінізм, гендэрную роўнасьць, правы ЛГБТК+ людзей, правы жанчын і зьвязаныя з гэтым праблемы. Гэта быў пачатак 2000-х, і тады такая тэматыка ўспрымалася як вельмі радыкальная і незвычайная. Я памятаю, што нават мае калегі і каляжанкі часам не разумелі, пра што я пішу.
Я скончыла гендэрную магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў 2007 годзе. Таму ў мяне ёсьць і акадэмічны досьвед, і тэарэтычныя веды, якія мне вельмі дапамагаюць. З таго часу і дагэтуль я пастаянна павышаю сваю кваліфікацыю: удзельнічаю ў трэнінгах, курсах і воркшопах, чытаю акадэмічныя і навуковыя артыкулы, кнігі, каб разумець, што адбываецца ў гэтай сфэры.
Потым я займалася грамадзянскай і палітычнай актыўнасьцю. Была абранай лідэркай моладзевай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі, была сяброўкай БСДП «Грамада». Там я таксама ўздымала гэтыя пытаньні. Наша моладзевая палітычная арганізацыя, дарэчы, стала першай, у праграмных дакумэнтах якой зьявіўся прынцып гендэрнай роўнасьці.
Я таксама заснавала з нуля арганізацыю АБФ «Актыўным быць файна», якая займаецца нефармальнай і грамадзянскай адукацыяй. Яна мела вялікі досьвед і была папулярнай у Беларусі, а цяпер працуе ў Літве сярод беларускай супольнасьці.
Я таксама адна з заснавальніц Фэмгрупы — беларускай фэміністычнай арганізацыі, якую лічу адной з самых уплывовых у прасоўваньні гэтых тэм. Разам з маімі каляжанкамі, у тым ліку Палінай Бродзік і іншымі, мы аднымі з першых у Каардынацыйнай радзе пачалі прасоўваць гендэрныя квоты. У выніку цяпер у складзе Каардынацыйнай рады шмат выдатных жанчын — каля 40%, як мы і адвакатавалі.
Але, напэўна, галоўны досьвед, з якога пачалося шмат зьменаў у маім жыцьці, — гэта ўдзел у падзеях 2020 года. Я была адной з жанчын, якія далучыліся да першай акцыі 12 жніўня — жаночай рэвалюцыі. І я дагэтуль упэўненая, што менавіта з жаночай рэвалюцыі 12 жніўня 2020 года пачаліся нацыянальныя пратэсты ў Беларусі.
Мяне затрымалі, я адседзела адміністрацыйны арышт і была вымушаная зьехаць з Беларусі, таму што супраць мяне распачалі розныя крымінальныя справы. Я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі і ў Расеі. Паводле беларускіх уладаў, мае сацыяльныя сеткі прызнаныя экстрэмісцкімі, а я сама — кіраўніцай дзьвюх «экстрэмісцкіх арганізацый»: Фэмгрупы і АБФ. І, вядома, паводле рэжыму Лукашэнкі я яшчэ і «тэрарыстка», таму што працую ў АПК і была дэлегаткай Каардынацыйнай рады першага і другога складаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ціханоўская таксама сутыкаецца з сэксізмам». Экспэртка тлумачыць, чаму жанчыны неахвотна ідуць у палітыку і праз што сыходзяць зь яе— Ці можна сказаць, што пытаньне палітвязьняў цяпер усё больш пераходзіць у палітычную плашчыню, паколькі ідзе перамоўны працэс з удзелам амэрыканскага боку і ўладаў Беларусі? Наколькі гэтая тэма застанецца важнай у працы прадстаўніцтва?
— Канешне, яна будзе працягвацца і для мяне гэта вельмі важнае пытаньне. Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы — раней гэта была Вольга, цяпер гэта я — уваходзіць у каардынацыйныя штабы, дзе працуюць праваабарончыя арганізацыі, палітыкі і міжнародныя партнэры. Ёсьць два такія штабы — у Варшаве і Вільні. Гэтая праца будзе працягвацца. Але я б не сказала, што пытаньне палітвязьняў толькі цяпер стала палітычным. Яно заўсёды было палітычным. У яго ёсьць два бакі — палітычны і гуманітарны.
Гуманітарнай дапамогай займаюцца арганізацыі, якія маюць для гэтага неабходны досьвед і магчымасьці: Dissidentby, «Краіна для жыцьця», «Вольныя» і іншыя. Мы працуем з імі ў супрацоўніцтве. Але на палітычным узроўні гэтую тэму ўсе гэтыя гады вялі прадстаўнічыя палітычныя структуры — Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, наша прадстаўніцтва. І не толькі ў кантактах з амэрыканскім бокам, але і з эўрапейскімі партнэрамі.
Мы ўдзячныя за вызваленьні, якія ўжо адбыліся. Гэта вельмі важна. Я заўсёды вельмі шчасьлівая, калі выходзяць палітвязьні. У мяне, напрыклад, за кратамі знаходзіцца сябра Андрэй Аляксандровіч, за якога я вельмі перажываю.
Але без спыненьня палітычных рэпрэсій гэтая машына будзе працягваць працаваць і будуць зьяўляцца новыя закладнікі. Таму першае, што неабходна зрабіць, — спыніць усе палітычныя рэпрэсіі, каб не было новых палітзьняволеных. І, вядома, павінны выйсьці ўсе, хто цяпер знаходзіцца за кратамі. Над гэтым мы вельмі шчыльна працуем з амэрыканскім бокам, з амэрыканскай амбасадай, прадстаўнікамі Эўракамісіі, Эўразьвязу і ўсімі міжнароднымі партнэрамі, якія могуць быць да гэтага далучаныя. На жаль, не пра ўсё, што адбываецца ў межах гэтай адвакатыйнай працы і перамоўных працэсаў, можна казаць публічна. Але гэта, безумоўна, прыярытэт нумар адзін. І для мяне гэта яшчэ і асабісты боль.