У Telegram завялі бот, які імітуе службу эвакуцыі BySol

Налепкі фонду BySol

У фондзе мяркуюць, што фальшывы бот стварылі спэцслужбы, каб выкрываць беларусаў, якія супрацоўнічалі зь «Беларускім Гаюном».

У сеціве актыўна пашыраюць спасылку на бот, які імітуе Службу эвакуацыі фонду BySol.

«Гэта зь вялікай ступеньню імавернасьці правакацыя сілавікоў з мэтай выявіць людзей, якія адпраўлялі інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў у „Беларускі Гаюн“. Ужо вядомыя выпадкі, калі падпіска на падроблены бот станавілася падставай для крымінальнага перасьледу», — напісалі ў фондзе.

У апісаньні боту гаворыцца, што ён «створаны для апэратыўнай эвакуацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія адпраўлялі інфармацыю ў „Беларускі Гаюн“ і асьцерагаюцца за сваю бясьпеку».

У BySol нагадалі, што фонд не выкарыстоўвае боты для працы са зваротамі людзей.

Усе сапраўдныя кантакты можна паглядзець на сайце фонду. Там ёсьць сувязь праз сацыяльныя сеткі і электронную пошту.

У фондзе папярэдзілі, што сілавікі актыўна выкарыстоўваюць правакацыі, каб выкрываць людзей, якія супрацоўнічалі зь «Беларускім Гаюном».

Дзякуючы службе эвакуацыі многія беларусы, якія дапамагалі Ўкраіне, удзельнічалі ў пратэстах і адчувалі праз гэта перасьлед, здолелі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Што такое «Беларускі Гаюн»?

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расея напала на Украіну. Гаюн адсочваў ваенную актыўнасьць расейскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў.

5 лютага 2025 году ў Тэлеграм-канале маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» зьявілася паведамленьне, якое хутка разьляцелася па вядучых СМІ. «У выніку несанкцыянаванага ўваходу быў атрыманы доступ да чату з ботам, дзе зьбіралася інфармацыя ад падпісчыкаў праекту», — коратка гаварылася ў ім.

Паведамленьне стала адным з апошніх у гісторыі праекту. Яго стваральнік Антон Матолька прызнаў уласную памылку, якая прывяла да ўзлому, і праз два дні закрыў «Беларускі Гаюн». У той жа дзень, 7 лютага 2025 году, стала вядома пра першага затрыманага беларуса, які ў 2022 годзе слаў «Гаюну» інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.

Па стане на люты 2026 году праваабаронцам былі вядомыя прынамсі 163 фігуранты «справы Гаюна». Пры гэтым тады гаварылася, што гэта можа быць толькі невялікая частка ад рэальных маштабаў рэпрэсіяў у межах гэтай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 400 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Хто гэта