Адказваючы на пытаньне, чаму ён не сьпяшаецца далучацца да дзейнасьці дэмакратычных сілаў як грамадзкі і палітычны лідэр, Бабарыка сказаў, што цягам паўгоду аналізаваў падзеі апошніх шасьці гадоў і спрабаваў зразумець, «наколькі я магу быць патрэбны палітычнаму лідэру, руху, якія існуюць».
«Маё вызначэньне палітычнага актывіста або лідэра, ці тым больш проста палітыка, вельмі-вельмі складанае, бо я неяк даваў сваё паняцьце, хто такі палітык. І калі ў 2020-м годзе я ім дакладна быў, то цяпер вельмі складана сказаць, ці зьяўляюся я палітыкам. Я паўгоду ці крыху больш патраціў на тое, каб прааналізаваць, а што, уласна, за ўсе гэтыя 6 гадоў адбылося, і наколькі, як мне здаецца, я магу быць патрэбны палітычнаму лідэру, руху, якія існуюць. І, як і ў 20-м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны», — сказаў Бабарыка.
Ён дадаў, што і ў 2020-м годзе «ня быў патрэбны нікому зь дзейных партыяў і лідэраў, якія існавалі на той момант». «Тая самая гісторыя назіраецца і цяпер. То бок я не патрэбны дзейным гульцам ні ў якой якасьці», — адзначыў ён.
На пытаньне, ці прапаноўваў ён супрацоўніцтва прадстаўнікам дэмакратычных сілаў, Бабарыка адказаў адмоўна.
«Я ніколі нікому нічога не прапаную. Калі я камусьці патрэбны, звычайна прыходзяць і кажуць: „Слухайце, давайце разам папрацуем“», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Асноўная задача — каб Беларусь ня стала часткай Расеі». У Вільні беларусы сустрэліся зь Віктарам БабарыкамВіктар Бабарыка — былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку», які ў траўні 2020 году абвясьціў пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам, калі яны ішлі здаваць у Цэнтральную выбарчую камісію подпісы, сабраныя за вылучэньне.
У ліпені 2021 году суд прысудзіў Бабарыку 14 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у атрыманьні хабару і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Сам ён віны не прызнаў і называў перасьлед палітычна матываваным. Зь лютага 2023 году Бабарыку ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада, а ў сьнежні 2025 году яго вызвалілі і вывезьлі зь Беларусі ў ліку 123 палітвязьняў пасьля перамоваў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі ЗША. Цяпер ён жыве ў Нямеччыне.