«Гэта не пра гендэрную роўнасьць». Экспэртка пракамэнтавала зьмены ў вайсковым уліку жанчын-мэдыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Гендэрная дасьледчыца Ірына Сідорская мяркуе, што пастанова міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна аб зьменах у вайсковым уліку жанчын-мэдыкаў супярэчыць традыцыйнай палітыцы ўладаў датычна жанчын.

«Гэта ніякая не гендэрная роўнасьць, гэта пашырэньне абавязкаў жанчын перад краінай, бо гендэрная роўнасьць — гэта адначасова пашырэньне правоў, магчымасьцяў удзелу ў прыняцьці рашэньняў, а тут гэтага няма, тут менавіта пашырэньне толькі абавязкаў», — сказала Свабодзе Ірына Сідорская.

Ірына Сідорская

Экспэртка зьвярнула ўвагу, што рашэньне ўхвалена пасьля чатырох з паловай гадоў поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.

«Увесь апошні час дзяржава выкарыстоўвае вельмі такую традыцыяналісцкую гендэрную рыторыку, што жанчына павінна быць перш за ўсё маці, захавальніцай сям’і, традыцый і гэтак далей. Але мы бачым, што, калі дзяржаве патрабуюцца прафэсійныя кампэтэнцыі жанчын, чамусьці гэтая традыцыйная рыторыка вельмі лёгка зьнікае і гаворыцца [...] пра вайсковы ўлік. Я б дакладна не гаварыла, што беларуская дзяржава ідзе кудысьці ў бок гендэрнай роўнасьці», — адзначыла Ірына Сідорская.

Экспэртка таксама зьвярнула ўвагу на тое, што ў дакумэнце адсутнічае матывацыя ўведзеных зьменаў для жанчын з мэдычнай адукацыяй, якія павінны стаць на першапачатковы вайсковы ўлік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі пабольшала спэцыяльнасьцяў, зь якімі жанчыны павінны стаць на першапачатковы вайсковы ўлік

Што папярэднічала

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін 30 ліпеня падпісаў пастанову, якая зацьвердзіла пералік спэцыяльнасьцяў у войску, па якім атрымалі падрыхтоўку і мусяць стаць на першапачатковы вайсковы ўлік жанчыны ва ўзросьце з 19 гадоў. Яна пачынае дзейнічаць з 10 жніўня, у дзень яе афіцыйнай публікацыі.

Цяпер у пераліку — 15 спэцыяльнасьцяў, атрыманых у вышэйшых і сярэдне-спэцыяльных навучальных установах, а таксама пасьля курсаў перападрыхтоўкі. Раней такіх спэцыяльнасьцяў было 10.

Міністэрства абароны Беларусі пэрыядычна абнаўляе пералік спэцыяльнасьцяў для жанчын, якія павінны стаць на вайсковы ўлік.

Упершыню такі дакумэнт зьявіўся ў 2003 годзе, а пасьля ўказу ад 7 сьнежня 2006 году, якім Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў палажэньне аб Міністэрстве абароны, вайсковае ведамства пэрыядычна ўносіць зьмены ў парадак аб вайсковым уліку.

Апошні раз такія зьмены для жанчын адбыліся ў 2020 годзе. Тады ў пастанове адзначалася, што зьмены водзяць праз патрэбу Ўзброеных сіл і іншых ваенізаваных фарміраваньняў Беларусі ў такіх спэцыялістах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінабароны Беларусі вызначылася, на якіх пасадах хоча бачыць у сябе жанчын