У Беларусі пабольшала спэцыяльнасьцяў, зь якімі жанчыны павінны стаць на першапачатковы вайсковы ўлік

Ілюстрацыйнае фота

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісаў пастанову, якая зацьвердзіла пералік спэцыяльнасьцяў у войску, па якім атрымалі падрыхтоўку і мусяць стаць на першапачатковы вайсковы ўлік жанчыны ва ўзросьце з 19 гадоў.

Як вынікае з пастановы Міністэрства абароны, цяпер у пераліку — 15 спэцыяльнасьцяў, атрыманых у вышэйшых і сярэдне-спэцыяльных навучальных установах, а таксама пасьля курсаў перападрыхтоўкі.

Раней такіх спэцыяльнасьцяў было 10.

Сярод спэцыяльнасьцяў сярэдняй спэцыяльнай адукацыі дадаткова зьявіліся вэтэрынарная мэдыцына (фэльчар вэтэрынарнай мэдыцыны, мэдыка-дыягнастычная справа (фэльчар-лябарант), фармацыя (фармацэўт). Раней былі толькі дзьве спэцыяльнасьці па лячэбнай (фэльчар-акушэр) і сястрынскай справе (мэдычная сястра).

Сярод спэцыяльнасьцяў вышэйшай адукацыі дадаткова ўвялі спэцыяльнасьці ў мэдыка-дыягнастычнай справе (лекар) і фармацыі (правізар). Раней былі толькі пасады лекараў па спэцыяльнасьцях у лячэбнай і мэдыка-прафіляктычнай справах.

Дадаткова ўвялі спэцыяльнасьць, атрыманую на падставе агульнай вышэйшай адукацыі — у сястрынскай справе (мэдычная сястра). Раней гэтай катэгорыі ўвогуле не было.

Па выніках перападрыхтоўкі ўлік стане патрэбным для жанчын, якія маюць спэцыяльнасьць у амбуляторна-паліклінічнай дапамозе (памочнікі па амбуляторна-паліклінічнай дапамозе), у анэстэзіялёгіі (мэдычныя сёстры-анэстэзісткі), у рэнтгеналёгіі (рэнтгеналябаранткі), у хірургіі (мэдычныя сёстры), а таксама ў мэдычным забесьпячэньні вайсковай дзейнасьці (вайсковыя фэльчары).

Як вынікае з пастановы, цалкам спынілі неабходнасьць першапачатковага вайсковага ўліку для жанчын, якія ў выніку перападрыхтоўкі з вышэйшай адукацыяй атрымалі спэцыяльнасьці ў бактэрыялёгіі (пасады лекараў-бактэрыёлягаў), у санітарна-гігіенічных дасьсьледаваньнях (лекары-лябаранты) і ў хірургіі (лекараў-хірургаў).

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Міністэрства абароны Беларусі пэрыядычна абнаўляе пералік спэцыяльнасьцяў для жанчын, якія павінны стаць на вайсковы ўлік.

Упершыню такі дакумэнт зьявіўся ў 2003 годзе, а пасьля ўказу ад 7 сьнежня 2006 году, якім Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў палажэньне аб Міністэрстве абароны, вайсковае ведамства пэрыядычна ўносіць зьмены ў парадак аб вайсковым уліку.

Апошні раз такія зьмены для жанчын адбыліся ў 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Лукашэнка рыхтуецца да вайны. 7 крокаў, якія спрашчаюць масавую мабілізацыю

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Хрэнін заявіў, што SMS-позвы будуць абавязковымі толькі ў ваенны час