Эўрапейскія палітыкі выказалі салідарнасьць зь беларусамі ў гадавіну выбараў 2020 году

Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала, архіўнае фота

Прадстаўнікі Эўразьвязу і шэрагу яго краінаў выказалі ў сацсетках салідарнасьць зь беларускім народам з нагоды шостай гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га, якія прывялі да масавых пратэстаў і рэпрэсіяў у Беларусі.

«Сёньня спаўняецца шэсьць гадоў з дня фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады дэмакратычнае волевыяўленьне сотняў тысяч беларусаў сустрэлася зь беспрэцэдэнтным выкарыстаньнем сілы і гвалту. ЭЗ разам зь беларускім народам выступае за свабодную, дэмакратычную, сувэрэнную і незалежную Беларусь», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы вокавых сувязяў (дыпляматычнай службы Эўразьвязу).

Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала напісала ў сваіх сацыяльных сетках:

«Беларусь будзе свабоднай.

Праз шэсьць гадоў пасьля таго, як людзі выступілі за новую будучыню, іх галасы не заглушылі. Эўропа падтрымлівае іх і будзе працягваць дамагацца каб у Беларусі перамаглі палітычная свабода, свабода СМІ і воля яе народу».

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга ў сваім допісе падкрэсьліў, што Ўкраіна «выразна адрозьнівае беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі, які адказны за садзейнічаньне агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны». Ён выказаў падзяку многім беларусам, якія сталі на бок Украіны і выступілі супраць расейскай агрэсіі.

«Мы спадзяемся, што аднойчы Беларусь стане свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і эўрапейскай дзяржавай, дзе яе народ, а не Масква, будзе вызначаць будучыню краіны. Такая Беларусь умацуе бясьпеку ўсяго нашага рэгіёну.

Украіна будзе працягваць цесна супрацоўнічаць са Сьвятланай Ціханоўскай і ўсімі беларусамі, якія імкнуцца жыць у свабоднай і эўрапейскай Беларусі. Свабодная Беларусь належыць свабоднай Эўропе».

З заявамі ў падтрымку беларускага дэмакратычнага руху таксама выступілі міністэрствы замежных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Румыніі і Славеніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як найменей 10 016 ахвяраў перасьледу. Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі лічбы рэпрэсій за шэсьць гадоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Відэарэпартаж: Плян апазыцыі на выпадак зьнікненьня рэжыму: што чакае Беларусь?