Яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз адсутнасьць поўных зьвестак.
Больш за 100 000 фактаў палітычна матываванага перасьледу
Праваабаронцы «Вясны» з 2020 году зафіксавалі больш за 100 000 фактаў палітычна матываванага перасьледу. У гэтую лічбу ўваходзяць затрыманьні, арышты, ператрусы, допыты, палітычна матываваныя прысуды, ціск на сваякоў і іншыя формы рэпрэсій.
4 602 палітвязьні
Статус палітычнага зьняволенага атрымалі ўжо 4 602 чалавекі. За год гэтая лічба павялічылася яшчэ на 538 чалавек, што сьведчыць пра працяг палітычнага перасьледу, нягледзячы на масавыя памілаваньні. Па стане на 9 жніўня 2026 году, за кратамі працягваюць утрымлівацца ня менш за 879 чалавек.
10 016 ахвяраў перасьледу
З 2020 году мінімум 10 016 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным перасьледам і мінімум 8 670 чалавек былі асуджаныя, у тым ліку завочна. Толькі пасьля 9 жніўня 2025 году вядома як мінімум пра 750 новых палітычна матываваных прысудаў, але сапраўдная колькасьць можа быць значна большай.
2 089 асуджаных жанчын
З пачатку рэпрэсій па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаныя ўжо 2 089 жанчын. Сёньня ў зьняволеньні знаходзяцца 120 жанчын, сярод якіх шматдзетныя маці, пэнсіянэркі, жанчыны з сур’ёзнымі захворваньнямі.
178 палітвязьняў пад асаблівай рызыкай
Праваабаронцы адносяць да катэгорыі асаблівай рызыкі 178 палітвязьняў. Гэта людзі з цяжкімі захворваньнямі, непаўналетнія на момант інкрымінаваных ім дзеяньняў, шматдзетныя, людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, а таксама тыя, хто знаходзіцца на прымусовым псыхіятрычным лекаваньні. Сярод іх таксама палітвязьні, якія ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада або не выходзяць на волю нават пасьля заканчэньня тэрміну пакараньня.
886 памілаваных палітвязьняў
Агулам з 2024 года былі памілаваныя 886 палітвязьняў. З іх 205 чалавек пасьля вызваленьня былі прымусова выдвараныя з Беларусі.
3982 асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту
Мінімум 3982 чалавекі былі асуджаныя паводле крымінальных спраў, зьвязаных з удзелам у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года. Для тысяч беларусаў удзел у мірных акцыях стаў падставай для крымінальнага перасьледу, зьняволеньня або вымушанай эміграцыі.
115 палітвязьняў- замежнікаў
Улады Беларусі працягваюць актыўна перасьледаваць замежных грамадзян. З 2020 года па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаныя як мінімум 115 замежнікаў.
225 палітычна матываваных завочных прысудаў
Рэжым Лукашэнкі ўсё часьцей выкарыстоўвае мэханізм спэцыяльнай вытворчасьці для перасьледу беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму. З 2020 года вядома як мінімум пра 225 палітычна матываваных завочных прысудаў.
0 крымінальных справаў супраць сілавікоў за катаваньні і сьмерці палітвязьняў
Праваабаронцам «Вясны» не вядома пра ніводную крымінальную справу супраць прадстаўнікоў сілавых структур за катаваньні, жорсткае абыходжаньне або сьмерці людзей, зьвязаныя з палітычна матываваным перасьледам.
9 памерлых за кратамі палітвязьняў
Як мінімум дзевяць чалавек памерлі ў няволі: Андрэй Паднябенны, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Дзьмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер. Іх сьмерці сталі адным з найбольш трагічных наступстваў палітычна матываванага перасьледу ў Беларусі, падкрэсьліваюць праваабаронцы «Вясны».