У пачатку жніўня ў Беларусі з вокнаў выпалі ўжо трое дзяцей

Ілюстрацыйнае фота

Недахоп пільнасьці з боку бацькоў прыводзіць да трагічных наступстваў, якія нярэдка завяршаюцца гібельлю малых.

У Берасьці з вакна на чацьвертым паверсе днём 7 жніўня выпала двухгадовая дзяўчынка, расказалі ў Сьледчым камітэце. Ведамства ўжо занялося праверкай абставінаў гэтай справы.

Паводле папярэдніх зьвестак, дзіця было дома з маці, на пэўны час тая пакінула малую ў пакоі з адчыненым вакном, сама ж жанчына пайшла на кухню.

Кароткага часу хапіла для таго, каб дзяўчынка залезла на падваконьне з дапамогай стала і ложка, якія стаялі побач, нахілілася і выпала з вакна.

На шчасьце, дзяўчынка выжыла, але яе завезьлі ў шпіталь, дзе аказваюць патрэбную мэдычную дапамогу. На месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група.

Папярэднія выпадкі сёлета

На жаль, у час сьпякотнага надвор’я лік падобных здарэньняў імкліва павялічваецца. Бацькі адчыняюць вокны, каб паветра цыркулявала ў памяшканьні, але забываюць пра бясьпеку ўласных малых. Пачатак жніўня 2026 году ўжо прынёс некалькі здарэньняў.

3 жніўня двухгадовы хлопчык выпаў з другога паверх. Ён застаўся без нагляду пры адчыненым вакне. На шчасьце, невялікая адлегласьць да зямлі ўратавала яму жыцьцё, яго шпіталізавалі.

Але праз тры дні здарылася трагедыя ў Мазыры. 1-гадовы хлопчык, пакінуты сам у пакоі з адчыненым вакном на 9-м паверсе, выпаў зь велізарнай вышыні і загінуў на месцы.

З сакавіка па ліпень у Беларусі штомесяц адбываўся мінімум адзін падобны выпадак. Агулам з пачатку году вядома ўжо пра восем здарэньняў такога кшталту.

Нават частае нагадваньне маладым бацькам пра важнасьць зьніжэньня рызыкі не дапамагае — трагедыі з выпадзеньнямі адбываюцца штогод.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Гомлі загінуў падлетак — ён упаў з 15-а паверху

Як часта адбываецца падобнае ў Беларусі?

Часта. На жаль, трагедыя падобнага кшталту — толькі чарговы пункт змрочнай статыстыкі. Хаця найчасьцей пры такіх трагедыях гінуць малыя дзеці, а прычынай таму становіцца нядбайнасьць бацькоў, якія пакідаюць адчыненае вакно ў пакоі і пакідаюць дзяцей самых у памяшканьні, нават нягледзячы на тое, што кватэры месьцяцца на вельмі высокіх паверхах.

За 2025 год Сьледчы камітэт амаль два дзясяткі разоў паведамляў пра трагедыі з выпадзеньнем малых з вокнаў і гаўбцоў. Некаторыя выпадкі завяршаліся калецтвам, некаторыя — гібельлю.

  • 8 студзеня. Магілёў — хлопчык 2023 г. н. выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 7 лютага. Менск — 1,5-гадовы хлопчык выпаў з 15 паверху. Загінуў.
  • 4 сакавіка. Мазыр — 4-гадовы хлопчык выпаў з 9 паверху. Загінуў.
  • 29 сакавіка. Берасьце — 4-гадовы хлопчык выпаў з 4 паверху. Шпіталізаваны.
  • 10 траўня. Смалявіцкі р-н — 5-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Цяжкія траўмы, шпіталізаваны.
  • 5 чэрвеня. Горадзенскі р-н — 3-гадовы хлопчык выпаў з 2 паверху. Шпіталізаваны.
  • 5 чэрвеня. Віцебск — 2-гадовы хлопчык выпаў з 10 паверху. Загінуў.
  • 5 чэрвеня. Ворша — 8-гадовы хлопчык выпаў з 7 паверху. Загінуў.
  • 11 ліпеня. Магілёў — 1-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху, упаў на кусты. Цяжкія траўмы, шпіталізаваны.
  • 16 ліпеня. Менск — 5-гадовая дзяўчынка выпала з 5 паверху. Стан цяжкі, шпіталізаваная.
  • 27 ліпеня. Баранавічы — 6-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Выжыў, цяжкія траўмы.
  • 9 жніўня. Менск — хлопчык 1 г. 9 мес. выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 21 жніўня. Гомель — 9-гадовы хлопчык выпаў з 3 паверху. Цяжкія траўмы, у рэанімацыі.
  • 30 жніўня. Хоцімск — 3-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 1 верасьня. Пінск — 6-гадовая дзяўчынка выпала з 2 паверху. Шпіталізаваная.

Трагедыі працягнуліся й сёлета. Вядома ўжо пра 8 выпадкаў выпадзеньня дзяцей з вокнаў за студзень-жнівень 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фальшывая бясьпека. Настаўніца і псыхоляг расказваюць, чаму ў Беларусі расьце колькасьць дзіцячых сьмерцяў