Закаханы ў беларускую мову матэматык і сьвятар. 100 гадоў Аляксандру Надсану

Айцец Аляксандар Надсан на пачатку 1990-х гадоў у Менску

8 жніўня споўнілася б 100 гадоў Аляксандру Надсану — выбітнаму беларускаму асьветніку, грэка-каталіцкаму сьвятару і заснавальніку Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане. У лёнданскім выдавецтве «Скарына» выходзіць кніга Ўладзіслава Гарбацкага пра слыннага беларуса. Пагаварылі з аўтарам кнігі і даведаліся раней невядомыя факты

Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў у «Імёнах Свабоды» называў айца Аляксандра Надсана (сапраўднае прозьвішча — Бочка) узорам сьвятара і патрыёта. Чалавекам, які ўсё жыцьцё «сьніў сны аб Беларусі» і пакінуў несьціханы запавет: «За ўсякую цану нам трэба застацца беларусамі».

Новая кніга Ўладзіслава Гарбацкага прысьвечаная інтэлектуальнай спадчыне Аляксандра Надсана, — гэта такі, як кажа сам аўтар, «інтэлектуальны партрэт лёнданскага беларуса». Аўтар і выдавецтва стараліся выдаць яе акурат да стагодзьдзя айца Аляксандра, аднак не пасьпелі. Пакуль працоўная назва выданьня — «Партрэт лёнданскага беларуса. Сэнсы выгнаньня айца Аляксандра Надсана» — так прэзэнтуе сваё дасьледаваньне пісьменьнік, дацэнт ЭГУ Ўладзіслаў Гарбацкі.

Мова як другая рэлігія

У 2019 годзе да Ўладзіслава Гарбацкага зьвярнулася ўдзельніца Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі Караліна Мацкевіч. Яна прапанавала напісаць кнігу да юбілею айца Аляксандра Надсана, узгадвае дасьледнік.

Аляксандар Надсан

«Я спачатку зьдзівіўся, меркаваў, што кнігу пра Надсана павінны пісаць людзі, якія яго больш ведалі: тая ж Караліна Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Ігар Іваноў, Натальля Гардзіенка. Але яны вырашылі, што пісаць кнігу павінен чалавек, які менш эмацыйна-пачуцьцева быў зьвязаны з айцом Аляксандрам. Караліна ведала маю зачараванасьць айцом Аляксандрам. Быўшы яшчэ студэнтам ЭГУ ў Менску ў канцы 1990-х, я чытаў шмат артыкулаў айца Надсана, мне вельмі сымпатызавала ягоная крытычнасьць у рэцэнзіях, яго моцныя інтэрвію, аргумэнты за беларускую мову. Ён быў сьвятаром, але ня гэты аспэкт мяне зачароўваў, а менавіта мовазнаўчы аспэкт, я б сказаў, ягоныя сацыялінгвістычныя тлумачэньні маргінальнасьці беларускай мовы. Я пагадзіўся, але адразу зразумеў, што гэта і гонар, і адказнасьць», — кажа ў размове з Свабодай Гарбацкі.

Аляксандар Надсан з гуманітарнай дапамогай каля Хойніцкай раённай лякарні, 1990-я гады

Матэрыялы для кнігі ён зьбіраў з 2019 году, апошнія паўтара года пісаў інтэнсіўна, каб пасьпець скончыць працу да 100-гадовага юбілею. Кансультаваўся, удакладняў многія моманты, тэмы, у якіх ня быў адмыслоўцам.

«Напрыклад, пра сьвятарства Надсана, бо ён перадусім быў сьвятаром. Ён сам пісаў, што „гэта першасная мая іпастась, ідэнтычнасьць, я выбраў гэта“. І для многіх айцец Надсан быў найперш сьвятаром. А для многіх ён быў найперш беларусістам-дасьледнікам. Лёнданскі прафэсар Арнольд Макмілін казаў пра Надсана, што „ён быў найвялікшым беларусістам стагодзьдзя“. Важна было спалучыць дзьве такія іпастасі.

Я пазнаёміўся з айцом Аляксандрам ужо пад канец ягонага жыцьця, тройчы сустракаўся зь ім перад ягонай сьмерцю. Мы сышліся менавіта на моўным пытаньні, для айца Аляксандра гэта было вельмі важна: для яго чалавек, які размаўляе па-беларуску, — ягоны сябар. Для айца Аляксандра мова была другой рэлігіяй», — узгадвае аўтар кнігі.

Дзьве скрыні з-пад тэлевізара

Цягам 6 гадоў Уладзіслаў Гарбацкі вывучаў спадчыну Надсана, зьбіраў інтэрвію, працаваў у архівах. Толькі ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане ў героя ягонай кнігі было некалькі тысяч лістоў — дзьве вялікія скрыні з-пад тэлевізараў.

Айцец Аляксандар Надсан і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч. Вільня, 1993 год. Здымак з архіву Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

«Гэта была эпоха, калі яшчэ не было інтэрнэту і людзі ліставаліся на паперы. Я называю Надсана ў кнізе апошнім беларускім эпісталярнікам. Ён ліставаўся зь беларусамі ўсяго сьвету, з дасьледнікамі-беларусістамі ў Новай Зэляндыі, Аўстраліі, Ізраілі, Францыі. Усё гэтае ліставаньне захоўваецца ў Скарынаўцы, але яно не было сыстэматызаванае. Я двойчы прыяжджаў у Лёндан, каб упарадкаваць яго і, безумоўна, каб скарыстацца гэтым каштоўным матэрыялам. Я сабраў 116 тэчак, кожная тэчка — гэта адзін чалавек», — расказвае Гарбацкі.

Асабліва ўразіла дасьледніка творчасьці Надсана ліставаньне яшчэ «за савецкім часам», у 1960-70-я гады, з Акадэміяй навук БССР.

Дом у Гарадзеі Нясьвіскага раёну, дзе ў дзяцінстве жыў Аляксандар Надсан

«Аляксандар Надсан пісаў лісты беларускаму прафэсару Аркадзю Жураўскаму (які працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР), што ў Беларусі і СССР выходзяць кнігі па-ангельску, але „вы няправільна трансьлітаруеце прозьвішчы, геаграфічныя назвы“, дасылаў правілы Міжнароднай лінгвістычнай асацыяцыі, паказваў, як трэба рабіць. Гэтая праблема актуальная і цяпер — мы бачым, што робяць улады. Надсан не маўчаў яшчэ тады. І вельмі хваліў тады яшчэ зусім маладую навукоўку Валянціну Лемцюгову, якая за гэта ўзялася. Надсан пісаў вельмі далікатна, але настойліва — ён заўсёды шукаў дыялёгу», — падкрэсьлівае спадар Гарбацкі.

Валянціна Лемцюгова стала прафэсаркай, выбітнай мовазнаўцай, пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў, у якім юрыдычна замацаваная практыка першаснага прысваеньня геаграфічным аб’ектам назваў на беларускай мове, перадача іх лацінкай, а таксама ў іншых мовах.

Ліст Аляксандра Надсана прафэсару Жураўскаму ў Акадэмію Навук БССР

Аляксандар Надсан пісаў прафэсару Жураўскаму: «Усе беларускія прозьвішчы і геаграфічныя назвы перадаюцца ў гэтых кнігах у форме, якая не адказвае іх сапраўднаму гучаньню. У прыватнасьці, ненаціскное „а“ перадаецца цераз „о“, „дзеканьне і цеканьне“ зусім адсутнічаюць, „г“ пішацца як „g“, „ў“ як „у“, а „ы“ пасля „р“ перадаецца цераз „і“. Пасылаю лістоўку з сыстэмай трансьлітарацыі, якая ўжываецца ў Брытанскім музэі. Нельга сказаць, што гэтая сыстэма дасканалая (дый ці існуе такая?), але ў ёй прынамсі зроблены высілак захаваць асаблівасьці кожнай мовы, у тым ліку і беларускай. Ці ня варта зьвярнуць на гэта ўвагу кампэтэнтным асобам?».

Капэрта ад ліста Аляксандру Надсану, які даслаў яму прафэсар Жураўскі з Акадэміі Навук БССР

«Інтэрвію трэба было рабіць хутка, бо людзі сыходзілі»

Другая істотная частка працы Гарбацкага была ў архівах — з газэтамі, часопісамі, шматлікімі тэкстамі айца Аляксандра, напісанымі на розных мовах: па-ангельску, па-італійску, па-француску, па-нямецку. Паводле дасьледніка, Надсан быў чалавекам «рэнэсансавай культуры, сапраўдны асьветнік, якіх адзінкі». Таксама было шмат інтэрвію зь людзьмі, якія ведалі айца Надсана.

Аляксандар Надсан падчас візыту ў Беларусь разам з сям'ёй Уладзімера Арлова

«Я разумеў, што інтэрвію трэба было рабіць хутка, бо людзі сыходзілі. Узяў больш за 40 паглыбленых інтэрвію ў людзей, якія ведалі яго. Некаторыя адмаўляліся, некаторыя паабяцалі мне і, на жаль, памерлі. Так здарылася з Адамам Мальдзісам, які памёр у 2022 годзе. Так адбылося і з Аляксеем Каўкам, які жыў у Маскве (спачатку перашкодзіў ковід, потым ён хварэў і памёр у 2024 годзе). Але захавалася шмат тэкстаў гэтых людзей, успаміны, якія друкаваліся, ліставаньні зь імі. На жаль, ліставаньне ўваходзіць у кнігу толькі цытатамі, бо гэта тысячы і тысячы лістоў. Мы вырашылі, што пасьля гэтай біяграфічнай кнігі будзем рыхтаваць асобныя кнігі ліставаньня айца Аляксандра зь беларусамі, а таксама з замежным дасьледнікамі: брытанцамі Джымам Дынглі, Арнольдам Макмілінам, выбітным амэрыканска-ўкраінскім мовазнаўцам Юр’ем Шэрахам ды іншымі», — расказвае аўтар кнігі.

9 моваў

Уладзіслаў Гарбацкі падкрэсьлівае, што пры ўсім гэтым айцец Надсан ня быў прафэсійным мовазнаўцам. Паводле першай вышэйшай адукацыі ён быў матэматыкам — скончыў у 1953 годзе матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Але потым выбраў сьвятарства. У Рыме, у Грэцкай калегіі, атрымаў грунтоўную гуманітарную адукацыю, стаў магістрам багаслоўя. У 1958 годзе прыняў сьвятарскае сьвячэньне.

Айцец Аляксандар Надсан паказвае макет будучай беларускай царквы, якую пабудавалі ў Лёндане ўжо пасьля ягонай сьмерці

«Айцец Аляксандар ведаў 9 моваў. Ён і гісторык, і літаратуразнаўца, і перакладнік, і кітабіст — стаяў ля вытокаў кітабістыкі (вывучэньня тэкстаў татараў ВКЛ. — РС). Знайшоў тэксты, напісаныя беларускімі татарамі на татарскай мове, гэта каштоўны матэрыял. Надсан вывучыў татарскую і турэцкую мовы — вымушана стаў кітабістам. „Трэба — значыць, вывучу і гэтыя мовы“, — вырашыў ён. Вось гэта ўразіла.

Ён быў цудоўным гісторыкам (прычым ня толькі гісторыкам рэлігіі). На гэта зьвяртаюць увагу і Генадзь Сагановіч, і Натальля Гардзіенка, і Дарота Міхалюк, і Яўген Мірановіч. Гэта быў крытычны гісторык, які мог адключаць у сабе функцыю сьвятара, а ўключаць рацыянальныя падыходы і функцыю дасьледніка.

Надсан быў яшчэ і цудоўным літаратуразнаўцам. Дарэчы, дзякуючы дэтэктывам Агаты Крысьці ён палепшыў сваю ангельскую мову, калі перабраўся на Захад», — кажа спадар Гарбацкі. І дадае, што айцец Надсан праяўляў сябе вельмі часта як літаратурны дэтэктыў, — пра гэта ён таксама піша ў кнізе.

«Ён праводзіў свае дасьледаваньні і многіх савецкіх і беларускіх літаратуразнаўцаў крытыкаваў за тое, што яны „ідэалягічна няправільна“ падаюць інфармацыю. Напрыклад, калі ў БССР перавыдалі творы Максіма Багдановіча, ён указаў, якія памылкі былі зробленыя, як толькі кнігі выйшлі. „БССРаўскія дасьледнікі хавалі інфармацыю пра ліставаньне Максіма Багдановіча зь некаторымі дзеячамі, якія лічыліся „буржуазнымі“. І замест прозьвішча часьцяком ставілі літару „Х“ або нейкія абрэвіятуры. А Надсан гэта выкрываў і казаў, што тут павінна быць такое і такое прозьвішча (Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і г. д.», — іранізуе Ўладзіслаў Гарбацкі.

«Махінацыі» дзеля перадачы тэкстаў з савецкай Беларусі

Айцец Аляксандар у савецкі час спрычыніўся да самвыдавецтва, да стварэньня патаемных каналаў, якімі рукапісы з Савецкага Саюзу, з БССР перадавалі на Захад, а потым яны там друкаваліся.

Напрыклад, такім чынам быў апублікаваны вядомы тэкст «Ліст да расейскага сябра» Аляксея Каўкі. Гэта вядомае палемічнае эсэ беларускага гісторыка, літаратуразнаўцы і грамадзкага дзеяча Аляксея Каўкі, напісанае ў 1976–1977 гадах. Тэкст прысьвечаны вострай праблеме становішча беларускай мовы, русыфікацыі і парушэньню моўных правоў у савецкай Беларусі, а таксама разьмежаваньню беларускай і расейскай культурных і нацыянальных ідэнтычнасьцяў.

Аляксандар Надсан

«Айцец Аляксандар Надсан зь Юр’ем Туронкам (беларускі гісторык у Польшчы. — РС) стваралі цэлыя „махінацыі“, схемы, як зь Беларусі, з СССР перадаць тэксты на Захад — праз дыпляматычную пошту, дасылалі трэцім асобам у Швайцарыю, а потым адтуль забіралі гэтыя дакумэнты. Гэта цікавая тэма, якая часта ігнаруецца. Маўляў, беларускае дысыдэнцтва — што гэта такое? Не параўнаць ні з польскім, ні зь літоўскім, ні з украінскім. Так, не параўнаць. Але яно было, існавала. І да гэтай гісторыі меў дачыненьне айцец Аляксандар Надсан, які дапамагаў выдаваць тыя тэксты. Тацяна Астроўская, сучасная гісторыца, пра гэта пісала ў сваёй нядаўняй публікацыі», — апавядае Ўладзіслаў Гарбацкі.

І дадае, што гэта такія кропелькі, пэрлінкі, якіх у новай кнізе багата. І абяцае шмат адкрыцьцяў для шырокай публікі.

Фота Аляксандра Надсана у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане. Здымак У. Гарбацкага

Кніга «Партрэт лёнданскага беларуса. Сэнсы выгнаньня айца Аляксандра Надсана» павінна выйсьці на пачатку восені ў Лёндане. Купіць яе можна будзе онлайн.

Аляксандр Надсан (сапр. Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у м. Гарадзея пад Нясьвіжам у сям’і настаўнікаў. Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю (1943) і курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі. З 1944 — на эміграцыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генэрала Андэрса, паранены ў бітве пад Монтэ-Касіна (Італія).

Выпускнік матэматычнага факультэта Лёнданскага ўнівэрсытэту (1953). Стваральнік, кіраўнік (1951-53) Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Магістар багаслоўя рымскай Грэцкай калегіі (1953-58). У 1958-м высьвечаны на сьвятара.

Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966-75). Заснавальнік і кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музэя ім. Ф.Скарыны ў Лёндане (з 1971). Кіраўнік беларускае каталіцкае місіі ў Вялікай Брытаніі (з 1981). Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986). Старшыня Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі (з 1989).

Пераклаў з грэцкай мовы на беларускую корпус усходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацыяў, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысьціянства ХХ ст, малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002), які ёсьць афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Вызначыў год выданьня «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў ды ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.