Беларуская школа ў Варшаве была заснаваная ў 2022 годзе як онлайн- і офлайн-прастора для беларускіх дзяцей, якія апынуліся ў Польшчы й іншых краінах сьвету пасьля падзеяў 2020 году. Пачыналі 4 гады таму з 150 вучняў і 15 настаўнікаў. У 2024 годзе колькасьць ахвочых вучыцца ў Варшаве і філіялах школы ў розных гарадах Польшчы сягала паўтысячы, расказвае дырэктар школы спадар Алесь (поўнае імя героя не называем дзеля бясьпекі. — РС).
«Аднак філіялы школы, якія былі ў сямі гарадах Польшчы, цяпер працуюць самастойна. Школа застаецца толькі ў Варшаве, таму дзяцей значна менш. Самыя вялікія — пачатковыя клясы. Там па 7--8 чалавек, самая малалікая кляса — сёмая. Там толькі двое вучняў. Ведаю прыблізную колькасьць беларускіх навучэнцаў у польскіх школах — а гэта недзе каля 30 тысяч, таму мне сорамна называць сапраўдную лічбу дзяцей у беларускіх школках, якіх у горадзе некалькі. Таму зьвяртаюся да суайчыннікаў: праявіце патрыятычную актыўнасьць», — заклікае спадар Алесь.
Заняткі ў беларускай школе ў Варшаве
Веды ў асноўных навуках юныя беларусы атрымліваюць у школах, ліцэях, гімназіях у краінах, дзе яны апынуліся, а вось у прадметах беларускага кампанэнту — менавіта ў Беларускай школе ў Варшаве. Там навучаюць беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, мастацтву Беларусі, усясьветнаму мастацтву.
Офлайн-заняткі праводзяць па суботах, дзеці кантактуюць зь беларускамоўнымі аднагодкамі і з настаўнікамі. Усе яны разам гарбеюць над сшыткамі і выдрукаванымі старонкамі падручнікаў, весяляцца на перапынках, развучваюць беларускія песьні й танцы, сябруюць, успамінаюць родныя і не такія блізкія мясьціны.
Заняткі ў Беларускай школе ў Варшаве
Дырэктар школы спадар Алесь падкрэсьлівае, на чым грунтуецца канцэпцыя навучаньня ва ўстанове: праграмы прадметаў зьвязаныя з афіцыйнымі айчыннымі праграмамі, што надае навучаньню сыстэмнасьць, кажа ён.
«Нашы вучні не адстаюць ад сваіх аднагодкаў на радзіме і пры спрыяльных умовах могуць бяз стратаў працягваць вучобу ў Беларусі. Тым больш што клясную клясыфікацыю мы захавалі ранейшай. Але ў нас мяняецца навязьлівы ідэалягічны складнік беларускіх дапаможнікаў. Узамен настаўнікі падбіраюць зьмесьціва з найлепшых узораў роднай і ўсясьветнай літаратуры, культуры, якое выхоўвае любоў да Бацькаўшчыны, разьвівае нацыянальную ідэнтычнасьць, вернасьць прынцыпам дэмакратыі. Настаўнікі — людзі зь вялікім досьведам працы, маюць высокія прафэсійнныя катэгорыі на ніве адукацыі, пераможцы конкурсаў», — запэўнівае дырэктар Беларускай школы ў Варшаве спадар Алесь.