Колішняга кіраўніка МУС Украіны абвінавацілі ў плягіяце: дысэртацыю ён часткова сьпісаў з артыкулу дацэнткі БДУ

Ігар Кліменка. Архіўнае фота

Колішняга кіраўніка міністэрства ўнутраных справаў Украіны Ігара Кліменку, якога прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі цяпер прызначыў сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, абвінавацілі ў плягіяце доктарскай дысэртацыі.

Ігар Кліменка абараніў сваю дысэртацыю ў 2019 годзе ў Харкаўскім нацыянальным унівэрсытэце ўнутраных справаў.

Як вынікае з аналізу, які правёў сэрвіс «Плягіят і фальсыфікацыі ў навуковых працах», плягіят выявілі на 51 з 414 старонак дысэртацыі Ігара Кліменкі, што складае 12%.

Як высьветлілі аналітыкі, для дысэртацыі на тэму «Тэорыя і практыка псыхалягічнага забесьпячэньня» Ігар Кліменка выкарыстаў пяць навуковых артыкулаў аўтараў з Расеі і па адным — з Украіны і Беларусі.

Паводле аўтараў аналізу, Ігар Кліменка «сьпісаў» з навуковага артыкулу тады яшчэ асьпіранткі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (цяпер яна дацэнтка БДУ, кандыдат псыхалягічных навук. — РС) Натальлі Саўлакавай «Часавая пэрспэктыва асобы: тэарэтычны аналіз праблемы», апублікаванага ў часопісе «Философия и социальные науки» ў 2010 годзе.

Параўнальны аналіз артыкулу дацэнткі БДУ Натальлі Саўлакавай і дысэртацыі экс-кіраўніка МУС Украіны Ігара Кліменкі. Крыніца – украінскі сэрвіс «Плягіят і фальсыфікацыі ў навуковых працах»

Дасьледнікі адзначаюць, што гэты артыкул пазначаны ў сьпісе выкарыстаных крыніц, але ў самім тэксьце нідзе ня згадваецца. Увагу аўтараў дасьледаваньня прыцягнуў як неадпаведны пераклад на ўкраінскую мову, так і парадак абзацаў у дысэртацыі Кліменкі.

«Парадак разьмяшчэньня абзацаў і выказваньняў у дысэртацыі Кліменкі — такі самы, як і ў артыкуле Саўлакавай, што сьведчыць пра сьвядомае перапісваньне чужога тэксту», — адзначылі аналітыкі сэрвісу «Плягіят і фальсыфікацыі ў навуковых працах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўстралійскі пісьменьнік папрасіў прабачэньня ў Сьвятланы Алексіевіч за «неўсьвядомлены» плягіят. Параўноўваем цытаты

Што папярэднічала

Ва Ўкраіне грамадзкасьць пільна сочыць за навуковай дзейнасьцю прадстаўнікоў улады. Раней актывісты выявілі плягіят у дысэртацыях колішняга прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка, колішніх міністраў адукацыі Станіслава Нікалаенкі, Ліліі Грыневіч, Сяргея Шкарлета, а таксама дзейнага кіраўніка Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны Аксена Лісавога.

Што праўда, праз выяўлены плягіят пасаду страціў толькі адзін чалавек — Сяргей Шкарлет.

Ці правяраюць на плягіят у Беларусі

У Беларусі ня раз фіксаваліся выпадкі плягіяту ў акадэмічным і навуковым асяродзьдзі.

Некарэктнае выкарыстаньне навуковых крыніц выяўляюць пры дапамозе спэцыяльнай сыстэмы «Плягіят-Кантроль» — распрацоўкі БДУ і Нацыянальнай бібліятэкі.

У Беларусі за плягіят прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць — ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да пяці гадоў.

Пры выяўленьні плягіяту чалавеку забараняюць на 5 гадоў паўторна абараняць навуковую дысэртацыю.

У той жа час у Беларусі не агучваюць прозьвішчы чыноўнікаў ці навукоўцаў, у якіх выявілі плягіят.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першая ў гісторыі прэзыдэнтка Гарвардзкага ўнівэрсытэту – афраамэрыканка пайшла ў адстаўку за антысэмітызм і плягіятКарцінку на «дэсантным» прыпынку ў Менску сплягіяцілі. ФОТАЧаму выкладчыкам усё роўна, што тры чвэрці беларускіх студэнтаў «капіпасьцяць» пісьмовыя работыКрэмль адказаў на абвінавачаньні ў тым, што Пуцін ня сам пісаў дысэртацыюВіну за плягіят Мэланіі Трамп узяла на сябе былая балерына