Адным з тых, хто неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня зьехаў з Расеі ў Чарнагорыю, стаў Самвэл Мнацаканян. Ужо чатыры гады ён жыве ў горадзе Херцэг-Нові, паведаміла выданьне «Настоящее время».
«Я быў уражаны спачатку Чарнагорыяй, доўгі час лічыў, што мне вельмі пашанцавала. Гэта маленькая краіна, мала фігуруе ў якіх-небудзь навінах, вельмі прыгожая, вельмі камфортная мне па клімаце, бо я чалавек паўднёвага тыпу і мне падабаецца сонца», — сказаў ён.
Самвэл працаваў настаўнікам працы ў мясцовай школе для расейскамоўных. Ён мае дазвол на жыхарства, але дакумэнт яму выдалі толькі на адзін год. «Калі ў цябе заканчваецца дазвол, ты павінен перасекчы мяжу і вярнуцца ў Чарнагорыю, наноў падаць заяву. Разумееце? І ты ня зможаш вярнуцца, бо патрэбная будзе віза. Вось у чым праблема», — дадаў ён.
Пакуль у краіне можна знаходзіцца бязь візы цягам 30 дзён. Пасьля гэтага робяць «візаран» — выяжджаюць і адразу ўяжджаюць назад яшчэ на месяц.
Улады Чарнагорыі абяцаюць, што новы працэс атрыманьня візы будзе «максымальна простым і даступным». Але, паводле новых правілаў, ён усё роўна будзе аналягічны атрыманьню турыстычнай Шэнгенскай візы, якую апошнімі гадамі грамадзянам Беларусі і Расеі цяжка атрымаць.
«З усіх краін-кандыдатак Чарнагорыя знаходзіцца бліжэй да гэтай мэты — уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз. І адно з даволі важных патрабаваньняў, якія вызначыў Эўразьвяз, — гэта сынхранізацыя візавай палітыкі, каб рэжым уезду і знаходжаньня на тэрыторыі дзяржавы для грамадзян іншых дзяржаваў быў такі ж, як у цэлым у чальцоў Эўразьвязу. Таму гэта вымушаны крок», — сказаў юрыст-міжнароднік Глеб Богуш.
Паволе Мнацаканяна, пляны ўступу ў Эўразьвяз ужо моцна паўплывалі на расейскую дыяспару ў Чарнагорыі: разам рыхтуючыся ўвесьці візы, улады некалькі разоў рабілі больш суворымі правілы атрыманьня дазволу на жыхарства. У грамадзтве радыя турыстам, але не антываенным эмігрантам, мяркуе ён.
«Паступова я зразумеў, што Чарнагорыя нам ня радая. То бок яны ўсяляк садзейнічаюць таму, каб мы тут не затрымліваліся. І гэта стала адчувацца недзе праз 2-3 гады. 2025 год стаў годам вялікага сыходу. Наўпрост вельмі шмат зьяжджалі, я бачыў гэта па бацьках і дзецях, якія пакідаюць школу, зьяжджаюць у іншыя краіны», — сказаў Самвэл.
Краіна таксама стала важным хабам для сустрэч антываенных эмігрантаў з сваякамі.
«З Расеі і Беларусі можна было прыехаць бязь візаў. І было вельмі зручна — зь людзьмі, якія знайшлі сабе прытулак у Эўропе, можна было было сустрэцца там. Такіх краін насамрэч няшмат: гэта [Паўночны] Кіпр, да апошняга году — Турэччына і Чарнагорыя», — сказа консул расейскага «Антываеннага камітэту» Андрэй Півавараў.
І менавіта бязьвізавы рэжым, паводле яго, стаў адной з прычын, чаму ў Чарнагорыі стварылі антываенную расейскую дыяспару.
Сярод расейцаў, якія атрымалі прытулак у Чарнагорыі, стаў колішні палкоўнік ФСБ Дзьмітрый Сенін: Расея запытвала яго экстрадыцыю, але атрымала адмову. Як паведамляла «Агенцтва», ягоная жонка з трыма дзецьмі таксама вылятала ў Чарнагорыю і Сэрбію.
Аб пераезьдзе задумаўся і Самвэл Мнацаканян. Нядаўна ён звольніўся з школы і ўжо прыняў для сябе рашэньне: будзе пераяжджаць у суседнюю Сэрбію, не чакаючы ўводу візавага рэжыму.