Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч трапіў у лякарню з праблемамі сэрца

Тадэвуш Кандрусевіч. Архіўнае фота

Арцыбіскуп-эмэрыт больш за 10 дзён знаходзіцца ў лякарні.

Як паведаміла выданьне katolik.life, аб пагаршэньні здароўя Тадэвуша Кандрусевіча стала вядома, калі ён ня змог прыбыць на парафіяльнае сьвята ў Навалукамлі 25 ліпеня.

Арцыбіскуп тады перадаў парафіі віншавальны ліст, у якім адзначыў, што праз стан здароўя і патрабаваньні лекараў вымушаны заставацца пад назіраньнем.

26 ліпеня на сьвяце для сталых людзей у катэдральным касьцёле Менску герарх таксама ня змог быць — удзельнікам паведамілі, што ён у шпіталі.

Наколькі вядома вернікам, сытуацыя была сур’ёзная, але яе ўдалося стабілізаваць. Цяпер арцыбіскуп-эмэрыт працягвае стацыянарнае лячэньне і ўжо пачуваецца значна лепей, чакае выпіскі на гэтым тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады забаранілі службы ў парафіяльным доме Чырвонага касьцёла ў Менску

Што вядома пра Тадэвуша Кандрусевіча

Тадэвуш Кандрусевіч узначальваў Менска-Магілёўскую архідыяцэзію з 2007 году, у студзені 2021 году папа Рымскі прыняў яго адстаўку. У жніўні 2020 году ўлады Беларусі забаранілі Кандрусевічу ўезд на радзіму. Ён ня раз заклікаў улады спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў. У сьнежні 2020 году Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь.

12 сакавіка 2025 году Менска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі паведаміла, што здароўе арцыбіскупа-эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршылася і што герарх мае анкалягічную хваробу.

Тадэвушу Кандрусевічу 80 гадоў. У лютым 2023 году яму зрабілі апэрацыю выдаленьня пухліны, у траўні 2024 году ён перанёс інфаркт і апэрацыю на сэрцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра крызіс у Беларусі: «Мы ня можам заставацца маўклівымі сьведкамі» Арцыбіскуп Кандрусевіч: У кожную эпоху патрэбныя ня столькі рэфарматары і рэвалюцыянэры, колькі людзі мудрыя і сьвятыя«Толькі праўда зробіць нас свабоднымі». У менскай катэдры прайшла разьвітальная імша мітрапаліта Кандрусевіча