Пра гэта са спасылкай на прадстаўніка ХАМАС паведаміла саудаўская газэта Asharq Al-Awsat. ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, Ізраілі і Эўрапейскім Зьвязе.
Паводле прадстаўніка ХАМАС, пасярэднікі паведамілі, што Ізраіль пагадзіўся цалкам спыніць «напады, авіяцыйныя і артылерыйскія абстрэлы, а таксама разбурэньні». У ХАМАС таксама сьцьвярджаюць, што гэтае рашэньне ўжо перадалі «Радзе міру» – структуры, створанай паводле ініцыятывы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для каардынацыі перамоўнага працэсу.
Крыніца выданьня, знаёмая з ходам перамоваў, паведаміла, што пасярэднікі і ХАМАС чакаюць афіцыйнага адказу ізраільскага ўраду пасьля пасяджэньня кабінэту міністраў, прызначанага на 3 жніўня.
31 ліпеня «Рада міру» апублікавала ўзгодненую з ХАМАС і іншымі палестынскімі групоўкамі дарожную мапу ўрэгуляваньня сытуацыі ў сэктары Газа. Яна прадугледжвае паэтапнае раззбраеньне палестынскіх узброеных груповак, вывад ізраільскіх войскаў і перадачу кіраваньня сэктарам Палестынскай аўтаноміі.
Ізраіль, са свайго боку, настойвае на поўным зьнішчэньні зброі і тунэляў ХАМАС, а таксама на захаваньні свабоды дзеяньняў Арміі абароны Ізраілю ў Газе да завяршэньня дэмілітарызацыі.
Нягледзячы на заявы пасярэднікаў, баявыя дзеяньні працягваюцца. Паводле палестынскіх крыніцаў, 2 жніўня ізраільскія войскі зноў наносілі ўдары па сэктары Газа, у выніку якіх загінулі мірныя жыхары. Армія абароны Ізраілю паведаміла пра ліквідацыю двух камандзіраў ХАМАС, у тым ліку аднаго з удзельнікаў нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.