Сілавікі знайшлі «экстрэмісцкі падтэкст» у пікніку на Расоншчыне. Рэч у тым, што 52-гадовага мужчыну, якога міліцыя лічыць арганізатарам, у 2020-м судзілі за пратэсты (арт. 23.34 КаАП), даведалася «Люстэрка».
На ўдзельнікаў ужо склалі каля 70 пратаколаў паводле арт. 24.23 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Паведамляецца, што акрамя дзьвюх сотняў беларусаў, на гэтым зьлёце гіпі былі 67 грамадзян Расеі і адзін грамадзянін Ізраілю.
У затрыманьні бралі ўдзел 89 амапаўцаў і 44 іншых сілавікоў — людзей вывозілі трыма аўтобусамі райвыканкаму.
Масавыя затрыманьні пад Расонамі
29 ліпеня пад Расонамі на Віцебшчыне міліцыянты затрымалі каля трохсот удзельнікаў штогадовага зьлёту «Сям’я вясёлкі» (Rainbow Family). Яны разьбілі намётавае мястэчка на беразе возера Белага каля вёскі Межна.
«Сям’я вясёлкі» — міжнародны рух, які ўзьнік у ЗША ў 1972 годзе і заяўляе сябе як аб’яднаньне прыхільнікаў міру, жыцьця на прыродзе і адмовы ад спажывецтва. Зьлёты звычайна праводзяць у маланаселеных месцах. Паблізу вадаёмаў ставяць намётавыя мястэчкі.
Прычынай рэйду на масавую імпрэзу МУС назвала паведамленьне на лінію 102 пра «шумны сход на беразе возера зь вялікай колькасьцю людзей».
МУС дало справаздачу таксама пра затрыманьне нібыта арганізатараў імпрэзы — 23-гадовай дзяўчыны і 52-гадовага мужчыны зь Менску.