«Чым Лукашэнка адрозьніваецца ад Мадура?» Балкунец, Раманчук і Турарбекава пра шанцы на крымінальную справу супраць Лукашэнкі ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, травень 2026 году

На гэтым тыдні офіс прэзыдэнта Ўкраіны зьвярнуўся да Генэральнай пракуратуры з просьбай разгледзець магчымасьць завядзеньня справы супраць Аляксандра Лукашэнкі. 30 ліпеня офіс генэральнага пракурора Ўкраіны зарэгістраваў гэта зварот.

Як адзначылі ў офісе, адказваючы на запыт Украінскай службы Радыё Свабоды, зварот цяпер знаходзіцца на разглядзе, пасьля яго апрацоўкі «заяўнікам будзе паведамлена ў адпаведнасьці з працэдурай, устаноўленай заканадаўствам».

Арганізацыя Беларускі дэмакратычны форум (кіраўнік Валер Цапкала) патлумачыла, што імя Лукашэнкі і просьба даць прававую ацэнку ягоным дзеяньням у падтрымцы расейскай агрэсіі зьмяшчалася ў тэксьце іхнага звароту ў адміністрацыю ўкраінскага прэзыдэнта. Прадстаўнік Беларускага дэмакратычнага форуму, палітоляг Дзьмітры Балкунец у праграме «ПіК Свабоды» патлумачыў, чаму такі зварот быў накіраваны менавіта цяпер.

«Пытаньне аб крымінальнай справе супраць Лукашэнкі зьявілася не ў 2026 годзе, а раней. Гэтае пытаньне ўздымалася і ў Польшчы, і нават я прыходзіў на допыты, якія рабілі польскія праваахоўнікі.

Мы зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўкраіны, як краіны, якая пацярпела ад расейскай агрэсіі, і Лукашэнка датычны да таго, што робіць Пуцін.

Ёсьць прыклад Вэнэсуэлы, калі супраць [кіраўнкіа краіны Нікаляса] Мадура пачалі справу ў ЗША, і Злучаныя Штаты выкарысталі гэта для арышту Мадура. Чым Лукашэнка адрозьніваецца ад Мадура? Ды нічым».

Дзьмітры Балкунец таксама адказаў на пытаньне, у чым сэнс для Ўкраіны заводзіць крымінальную справу супраць Лукашэнкі, калі ёй трэба вырашаць з Лукашэнкам палітычныя пытаньні.

«Зяленскі ўжо ставіў пытаньне аб арышце Лукашэнкі. Але каб яго арыштаваць, трэба распачаць нейкую справу...

Украіна не прызнае Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта. Ён звычайны грамадзянін Беларусі. І Ўкраіна мае магчымасьці даставіць яго ў тым ліку на сваю тэрыторыю, каб расьсьледаваць ягоныя дзеяньні...

Што тычыцца нейкіх перамоваў Лукашэнкі з Украінай, дык трэба разумець, што Лукашэнка ня здольны дамаўляцца. Справа, якую могуць распачаць супраць яго, можа быць таксама і элемэнтам эмацыйнага ціску на Лукашэнку».

Іншае меркаваньне ў праграме выказаў эканаміст Яраслаў Раманчук, прэзыдэнт базаванага ва Ўкраіне Міжнароднага інстытуту Свабоды

«Ужо пяты год вайны. Я разумею, калі б гэтая ініцыятыва была ў 2022 годзе, бо мы разумеем, і гэта пацьверджана дакумэнтамі, што Пуцін і Лукашэнка — гэта, як кажуць, „адна сатана“. Яны напалі на Украіну, парушылі міжнароднае права. Але сёньня лёгіка ўкраінскага кіраўніцтва — зрабіць так, каб як мага менш салдатаў ваявала супраць Украіны... Таму няма сэнсу штурхаць яго яшчэ больш у пастку Крамля такім крымінальным перасьледам. Ён і так будзе на лаўцы падсудных, ён і так будзе ў Гаазе».

Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава мяркуе што заявы пра крымінальную справу супраць Лукашэнкі — гэта палітычная ініцыятыва, каб аказаць на яго ціск.

«Стратэгія Ўкраіны — аказаньне ціску на рэжым Лукашэнкі, каб мінімізаваць яго магчымае ўцягваньне і далейшае пашырэньне ўдзелу ў вайне. А можа, нават спрыяць хаця б невялікаму скарачэньню ўдзелу Беларусі ў гэтай вайне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 300 затрыманых. Хто хоча арыштаваць Лукашэнку. Міліцыя ідзе ў чаты