На 82-м годзе жыцьця памёр Іван Ядэшка — славуты баскетбаліст, які здабыў залаты мэдаль Алімпіяды 1972 году ў Мюнхэне ў складзе зборнай СССР. Пра гэта паведаміла старонка маскоўскага ЦСКА, у якім беларус доўга гуляў і працаваў.
Ядэшка паходзіў са Сьцяцкоў на Гарадзеншчыне. У Горадні пачаў свой шлях у спорце. Прычым першыя крокі рабіў з Аляксандрам Мілінкевічам, які пазьней стаў славутым беларускім навукоўцам і палітычным дзеячам. Мілінкевіч нават быў закаханы ў адну дзяўчыну зь Ядэшкам, у выніку Ларыса выбрала Івана.
Пазьней Ядэшка паехаў у Менск, дзе ў 1970-м скончыў спартова-пэдагагічны факультэт спартовых гульняў і адзінаборстваў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры. У тыя ж гады выступаў за менскі «Спартак».
Гульню беларуса заўважылі ў Маскве ў наймацнейшым і найбольш уплывовым клюбе СССР — ЦСКА. У ягоным складзе ён стаў чэмпіёнам Савецкага Саюзу 8 разоў. Таксама ў складзе ЦСКА Іван Ядэшка заваяваў Кубак чэмпіёнаў.
У тыя гады выклік у саюзную зборную амаль аўтаматычна абавязваў гульца выступаць у армейскім клюбе савецкае сталіцы. У савецкай зборнай Ядэшка быў важным гульцом — два разы майстры гульні ў кошык здабылі зь беларусам у складзе золата першынства Эўропы, яшчэ аднойчы перамаглі ў першынстве сьвету.
Найболей запамінальны эпізод адбыўся, вядома, на Алімпійскіх гульнях 1972 году ў нямецкім Мюнхэне. Тады каманда Ўладзімера Кандрашына, у складзе якой выступаў беларус, вырвала перамогу ў зборнай ЗША ў апошнія 3 сэкунды фінальнай сустрэчы. Амэрыканцы да таго моманту не прагулялі ніводнага паядынку на алімпійскіх турнірах. У вырашальнай атацы, што прынесла золата, беларускі баскетбаліст зрабіў выніковую перадачу расейцу Аляксандру Бялову, і гэтым пасам назаўсёды ўвайшоў у гісторыю спорту і алімпійскага руху.
Іван Ядэшка на пляцоўцы
Пра тую перамогу ў Расеі зьнялі фільм «Рух угару», сцэнар да якога пісаў зямляк Ядэшкі беларус Андрэй Курэйчык. Як успамінаў творца, Ядэшка прыехаў на прэм’еру фільму і абняў яго, сказаўшы, што гэта была бліскучая кінатворчая праца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Курэйчык пра блокбастэр «Движение вверх»: «Ура-патрыятызм у Расеі пачынае набываць пачварныя формы»Беларус прызнаваў, што факты, пададзеныя ў фільме, не зусім адпавядаюць рэчаіснасьці, шмат што аўтары перабольшылі ці зьмянілі, але не трымаў на іх крыўды, спрабуючы зразумець творчы працэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Алімпійскі чэмпіён і герой «Движения вверх» Іван Ядэшка пра «любоўны трыкутнік» з Аляксандрам МілінкевічамПа заканчэньні кар’еры Іван Ядэшка застаўся ў Маскве, дзе працаваў у трэнэрскім штабе ЦСКА і зборнай СССР. Затым выхоўваў маладых баскетбалістаў і настаўнікаў. У апошнія гады жыў у Падмаскоўі, бо стаміўся ад шуму буйнога гораду.