«Пытаньне ў тым, што за геройскі ўчынак прадугледжаная ўзнагарода Героя Ўкраіны. Але толькі для грамадзян Украіны. Пры гэтым быў прэцэдэнт — выключэньне зрабілі для беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, бо ён герой Нябеснай сотні», — казала Свабодзе яшчэ перад пачаткам збору подпісаў Вераніка Яновіч.
Цяпер пэтыцыя набрала патрэбныя для накіраваньня на разгляд прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму 25 000 подпісаў.
Ініцыятыву раней падтрымалі і ваяры палку Каліноўскага. У сваім звароце з заклікам падпісаць пэтыцыю яны нагадалі пра замежных ваяроў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне: амэрыканскага морскага пяхотніка Коры Наўроцкага, які прыняў апошні бой у глыбокім тыле ворага; паляка Міхала Журэка, сьмяротна параненага ў Бахмуце, якога дома не дачакаліся чацьвёра дзяцей; брытанскага мэдыка Пітэра Фушэ, які выратаваў сотні жыцьцяў і аддаў сваё; беларуса Івана «Брэста» Марчука, які загінуў пад Лісічанскам, да апошняга прыкрываючы адыход пабрацімаў.
Муж Веранікі Яновіч, 27-гадовы беларус Аляксей Лазараў, загінуў ва Ўкраіне 19 студзеня 2026 году пры выкананьні баявой задачы. Ад сакавіка па лістапад 2022 году Вераніка і Аляксей змагаліся за Ўкраіну ў шэрагах палку імя Каліноўскага. У 2025 годзе Аляксей Лазараў падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
Цяпер Вераніка падкрэсьлівае: яе ініцыятыва ня зводзіцца да таго, каб абавязкова дамагчыся званьня менавіта для Аляксея. Паводле яе, званьне Героя Ўкраіны не прысвойваецца праз імянныя пэтыцыі — гэта павінна быць рашэньне камандаваньня і Міністэрства абароны.
Сутнасьць пэтыцыі
Пэтыцыя зьвернутая да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Яе аўтары просяць прэзыдэнта вызначыць законапраект № 7296 як неадкладны і паспрыяць як мага хутчэйшаму яго разгляду і ўхваленьню Вярхоўнай Радай.
Калі гэтага будзе недастаткова, Зяленскага просяць скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы і ўнесьці ўласны законапраект. Ён мусіў бы зьняць абмежаваньне, паводле якога званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца выключна грамадзянам Украіны, і прадугледзець магчымасьць прысваеньня гэтага званьня іншаземцам і асобам без грамадзянства за выдатны геройскі ўчынак, зьвязаны з абаронай краіны.
У пэтыцыі таксама адзначаецца, што праблему нельга вырашыць толькі на ўзроўні прэзыдэнцкага ўказу. Абмежаваньне замацаванае і ў законе «Аб дзяржаўных узнагародах», і ў статуце званьня Героя Ўкраіны, зацьверджаным указам прэзыдэнта. Таму пасьля зьменаў у закон трэба будзе прывесьці ў адпаведнасьць і акты прэзыдэнта, якія рэгулююць парадак прысваеньня гэтага званьня.
У канцы пэтыцыі аўтары адзначаюць, што прысваеньне званьня Героя Ўкраіны іншаземцам і людзям без грамадзянства, якія зрабілі выдатны геройскі ўчынак у інтарэсах абароны краіны, стане актам справядлівасьці і пацьверджаньнем таго, што Ўкраіна шануе кожнага, хто стаў на яе абарону.
Паводле Цэнтру рэкрутынгу замежных грамадзян , цяпер толькі ў Сухаземных войсках УСУ ваююць больш за 10 тысяч іншаземцаў з 75 краін сьвету. Штомесяц каля 600 замежных добраахвотнікаў падпісваюць кантракты і далучаюцца да Ўзброеных сілаў Украіны. Замежнікі таксама служаць у Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны і падразьдзелах Галоўнага ўпраўленьня выведкі. Беларусы застаюцца адной з найбуйнейшых нацыянальных групаў іншаземцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.