Украіна вывела з ладу траціну расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў — Financial Times

Пажар на НПЗ у Самары

Газэта падлічыла страты, якія нанесьлі УСУ расейскай нафтаперапрацоўчай галіне.

Паводле ацэнкі брытанскага выданьня, украінскія ўдары па НПЗ вывелі з ладу больш за 30% фактычных і звыш 45% намінальных магутнасьцяў Расеі ў перапрацоўцы нафты.

Financial Times спасылаецца на зьвесткі S&P Global Energy і спадарожнікавыя здымкі найбуйнейшых расейскіх НПЗ.

Частка пацярпелых прадпрыемстваў яшчэ на рамонце.

Таксама выданьне піша пра тое, што пажары, якія палаюць на рсейскіх нафтаперапрацоўчых заводах добра відаць з космасу, гэта даводзяць спадарожнікавыя здымкі.

Журналісты Bloomberg раней высьветлілі, што аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расеі ўпалі да мінімуму больш як за два дзесяцігодзьдзі з прычыны пастаянных украінскіх удараў.

У ліпені расейскія заводы перапрацоўваюць у сярэднім 3,91 мільёна барэляў за дзень — меней было толькі ў сакавіку 2005 году. Гэта прыкладна на 1,4 мільёна барэляў за дзень ніжэй за мінулагодні ўзровень за той жа пэрыяд.

З моманту тае публікацыі ўкраінскія вайскоўцы заатакавалі яшчэ некалькі нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў Расеі.

Украінскія атакі на расейскія НПЗ

Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».

«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».

18 ліпеня ўкраінскія дроны атакавалі склады гандлёвай плятформы Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі. Паводле зьвестак Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны, у Падмаскоўі ўзьнік пажар на плошчы 188 тыс. кв. м.

Прэзыдэнт Украіны тады заявіў, што склады выкарыстоўвалі для пастаўкі дэталяў дронаў, і назваў атакі адказам на расейскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны. Ён заявіў, што вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею.

У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Bloomberg: з-за ўкраінскіх удараў нафтаперапрацоўка ў Расеі ўпала да мінімуму з 2005 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі павялічыўся лік пашкоджаных нафтавых аб’ектаў. Зяленскі пракамэнтаваў імпарт паліва зь Беларусі