Беларуская прапаганда абвінаваціла рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча, які жыве ў Польшчы, у падрыхтоўцы замаху на дзяцей Сьвятланы Ціханоўскай. Пра гэта напісалі ў тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча. Там сьцьвярджалася, што Дашкевіч нібыта шукаў інфармацыю пра месца жыхарства Ціханоўскай і яе дзяцей, разглядаў магчымасць замаху як спосаб прыцягнуць увагу да сваіх праблем.
Сам Дашкевіч у размове з «Нашай Нівай» не адмаўляў, што згадаў дзяцей Сьвятланы Ціханоўскай у перапісцы. Паводле яго, гэта адбылося пасьля таго, як ён атрымаў рашэньне польскіх уладаў аб пазбаўленьні статусу ўцекача:
«Я быў на эмоцыях і сапраўды напісаў некалькім праваабаронцам нешта накшталт: „Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб зьвярнулі ўвагу на маю праблему?“ Я гэта прызнаю. Але ніякіх дзеяньняў не рабіў: не шукаў яе, нічога ёй не пісаў і нідзе публічна гэтага не выказваў».
Дашкевіч кажа, што паведамленні дасылаў у прыватных чатах, у тым ліку ўдзельнікам чату «Партызанка», да якіх звяртаўся па дапамогу.
Дашкевіч сьцьвярджае, што пра гэтую перапіску стала вядома беларускім спэцслужбам, пасьля чаго беларускі бок па афіцыйных каналах папярэдзіў Польшчу пра нібыта падрыхтоўку тэракту.
«Да мяне прыйшлі супрацоўнікі ABW — польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі. Яны паказалі матэрыялы: беларускі міністар перадаў інфармацыю польскаму боку, што ў Польшчы рыхтуецца тэракт. Маё прозвішча першапачаткова, наколькі я разумею, там нават не называлася, але ў выніку гаворка ішла пра мяне».
Дашкевіч паказаў супрацоўнікам ABW свае перапіскі і даў тлумачэньні. Паводле яго слоў, праверка працягвалася некалькі дзён і ўжо скончылася.
«Я ўсё паказаў. Наколькі разумею, пасьля гэтага ўсе пытаньні былі зьнятыя. Мяне не затрымлівалі. Ніякіх абвінавачваньняў польскія праваахоўныя органы мне ня выставілі».
Афіцыйнай інфармацыі ABW пра вынікі праверкі няма.
Што папярэднічала
Улады Беларусі папярэдзілі Польшчу пра падрыхтоўку тэракту і паказалі на эмігрантаў. Пра пагрозу тэракту ў суседняй Польшчы выказаўся прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.
У Менску, дадаў прадстаўнік МЗС, разумеюць, што ў выпадку рэалізацыі такога сцэнару Захад і беларуская эміграцыя, якую ён абразьліва назваў «зьбеглымі супольнасьцямі», абвінавацілі б улады Беларусі.
Улады ў Беларусі сьцьвярджалі, што тэракт нібыта рыхтуецца «асобай, якая знаходзіцца ў Польшчы, асуджанай у Беларусі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якая была нядаўна пазбаўленая польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражываньня ў краіне».
Якой была рэакцыя Польшчы
Адказ з Варшавы быў сьціслым і дыпляматычным. 24 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава «сур’ёзна ставіцца да кожнага папярэджаньня аб тэрарызьме».
Паводле яго слоў, якія перадае партал rmf24.pl, польскія ўлады правяраюць атрыманую інфармацыю.