Як адзначаецца на сайце ведамства, інспэктары службы «Россельхознадзор» спынілі ўвоз у Расею 43,6 тоны сьвінога сала, якія на падставе падробленага вэтэрынарнага сэртыфікату везьлі транзытам ад беларускай кампаніі «Велес-Міт» на адрас прадпрыемства ў Казахстане.
Пры папярэдняй праверцы паўстала пытаньне паходжаньня сыравіны, зь якой вырабленая прадукцыя. У прыватнасьці, сьцьвярджаюць, што сыравіну беларускае прадпрыемства атрымала з Даніі.
«Россельхознадзор» зьвярнуўся ў Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі з просьбай да 28 ліпеня спыніць вэтэрынарную сэртыфікацыю прадуктаў, вырабленых на ТАА «Велес-Міт», для ўвозу ў Расею і іншыя краіны Эўразійскай эканамічнай супольнасьці да праверкі выяўленых парушэньняў.
«Апроч таго, у сувязі з паўторным выяўленьнем неадпаведнасьцяў нормам і патрабаваньням Расеі і тэхнічных рэглямэнтаў ЭАЭС Служба ўводзіць часовыя абмежаваньні на ўвоз і транзыт на тэрыторыі Расеі ўсіх відаў мясной прадукцыі беларускага вытворцы ТАА „Велес-Міт“», — паведамляе расейскае ведамства.
Адзначаецца, што пры лябараторных дасьледаваньнях у прадуктах беларускага прадпрыемства знайшлі рэшткі лекаў, у тым ліку антыбіётыкаў, а таксама неадпаведнасьці мікрабіялягічных паказьнікаў — лістэрыі і бактэрыі групы кішачнай палачкі. Апроч таго, у кансэрвах зь ялавічыны выявілі вэтэрынарныя прэпараты азытрыміцын, тулатраміцын, сульфамэтазын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея вярнула ў Беларусь 2 тоны варанай кілбасыЧаму гэта важна і што папярэднічала
Расея пэрыядычна ўводзіць абмежаваньні і забароны на пастаўку беларускай прадукцыі.
Найбольш рэзананснымі сталі абмежаваньні ў 2009 і 2018 гадах, што тычыліся малочнай прадукцыі і атрымалі назву «малочных войнаў».
У чэрвені 2009 году пад забарону трапілі прыблізна 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі праз «неадпаведнасьць тэхнічным рэглямэнтам Расеі». Найперш абмежаваньні закранулі сухое малако. Пастаўкі аднавілі ў жніўні таго ж году.
У лютым–сакавіку 2018 году Расея ўводзіла часовыя абмежаваньні на ўвоз вяршкоў, малака і сыроваткі праз заўвагі што да іх бясьпечнасьці.
У 2024–2026 гадах «Россельхознадзор» рэгулярна ўводзіць лякальныя забароны на прадукцыю асобных прадпрыемстваў. Напрыклад, у траўні і ліпені 2026 году абмежаваньні закранулі пастаўкі тварагу, мяса птушкі і сыру па выяўленьні ў іх кішачнай палачкі.